Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 25

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Аднойчы бусел прыляцеў з лугу, трымаючы ў сваёй чырвонай дзюбе нейкую вяроўку. Седзячы ў гняздзе, незнарок упусціў яе.

Гэта была не вяроўка, а гадзюка. Мёртвая гадзюка. За гэта мы любілі бусла.

I вось ён ляжыць сам у дарожным пыле, нежывы, акрываўлены. Больш не ўзнімецца пад воблакі, не зробіць развітальнага круга перад вылетам у вырай. Яго забілі немцы.

Мы пахавалі бусла недалёка ад дарогі, замест помніка паклалі на яго магілу вялікі камень.

Думаючы пра бусліную долю, мы падышлі да сельмага. Дзверы расчынены насцеж, у вокнах ніводнай шыбы.

Ткнулі туды насы і ўбачылі Міцьку Малаха. Ён кідаў цэглу на пустыя бутэлькі, якія ляжалі ў куце.

— Мангол, што ты робіш?

— Б'ю бутэлькі,— адгукнуўся Міцька, і вочы яго схаваліся ў хітрыя шчылінкі.

— А навошта?

— Каб немцам не дасталіся.

Мы з Санькам хмыкнулі:

— Патрэбны яны немцам...

— Яшчэ як патрэбны! — упэўнена адказаў Міцька, выбіраючы больш важкую цагліну каля разбуранай печы.— Яны бензіну ў іх паналіваюць, а потым у нашы танкі будуць кідаць.

А і сапраўды ж! Як жа пра гэта мы забыліся? Яшчэ калі толькі пачалася вайна, мы самі збіралі бутэлькі з-пад сітра, з-пад газы, з-пад піва,— якія трапляліся,— і здавалі іх на прыёмны пункт. Гаварылі, што гэтыя бутэлькі патрэбны Чырвонай Арміі. Кожная бутэлька — спалены фгшысцкі танк. А тут гэтых бутэлек цэлы воз. Добра, што немцы іх не бачылі, а то заграбасталі б.

I мы пачалі дапамагаць Міцьку. Каб было цікавей, выстраілі посуд радамі, быццам гэта фашысты, і цаглінай:

— Агонь!

Утрох мы хутка расправіліся з бутэлькамі і пайшлі далей. Глядзім — праўлення калгаса няма, адно пажарышча. Цагляная грубка разбурана, навокал валяюцца розныя абгарэлыя паперы: ведамасці, квітанцыі, працоўныя кніжкі калгаснікаў.

Міцька знайшоў абгарэлую пішучую машынку. Мы выцягнулі яе на траву, пакруцілі, павярцелі — не працуе. Ну, куды яе? Грымнулі каменем раз-другі, раструшчылі, растаўклі, каб не дасталася ворагу.

Воддаль ад пажарышча валялася жалезная скрыня, цяжкая-цяжкая, з месца не скранеш. У такіх скрынях хаваюць грошы. Але ніякіх грошай у ёй няма, скрыня паламаная, дзверы, як сказаў Міцька, з мясам выдраны.

— Гэта Няўмыка,— паведаміў ён, пастукаўшы босай нагой па жалезе.

— Няўмыка ў турме,— не паверыў Санька.— Можа, хто іншы.

— Быў! — сказаў Міцька і цыркнуў слінай скрозь рэдкія зубы. Цыркаць слінай Міцька мастак. Ні ў каго з нас так не выходзіць, яи у яго.

Да вайны Кузьма Няўмыка ў калгасе не працаваў, рэдка жыў дома. Ен гаварыў, што з яго спецыяльнасцю толькі ў горадзе і быць. Што ў яго за спецыяльнасць, у вёсцы ведалі старыя і малыя. Ен краў у паяздах чамаданы, выразаў на базары кішэні, лазіў па кватэрах. Гэта я сам часта чуў ад дарослых.

Іншы раз Кузьма з'яўляўся ў вёсцы з перавязанай галавой, з сіняком пад вокам, а то і зусім родзічы прывозілі ледзь жывога. Тады па вуліцы хадзілі чуткі, што Няўмыка дзесьці не на таго нарваўся. Але праходзіў тыдзень-другі, і ён, адляжаўшыся, зноў знікаў.