Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 24

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Каб вас саміх чэрці абскублі.

А іх біцюгі тым часам трубяць наш авёс на поўны рот, быццам прыйшлі з галоднага краю. Мы яго і абмалаціць нават не паспелі, як бацька загадваў. Паводзяць сябе біцюгі не горш за сваіх гаспадароў: паўснапа ў зубы і пачынаюць малоць, нібы дзедава саламарэзка, а паўснапа — пад ногі. На дармаўшчыну яно можна. 3-за гэтага аўса ў мяне з бабуляй непрыемныя размовы.

— Што? Зберагла? — папракаю я яе кожны раз, калі лупаты немец кідае пад ногі біцюгам новы абярэмак.

А яна злуецца:

— Не твайго розуму справа!

Як бы не так. Не майго. Аддала б тады тым чырвонаармейцам, што хацелі купіць для сваіх коней, дык пашкадавала, расплакалася:

— Мне ж, старой бабе, карову пракарміць трэба. Вы ў калгасе накасіце. Тут недалёка.

А цяпер фашысцкія коні трубяць наш авёс за маліну.

Бабуля глядзіць на ўсё гэта і толькі ўздыхае. Яна гаворыць, што калі гэты дудар са сваім лупатым курашчупам хутка ад нас не з'едзе, то мы пойдзем жабраваць. Ды яно ўжо і так хутка будзем скусваць быркі. Авёс коні даядаюць, грады вытанцавалі, як ток, курэй засталося ўсяго тры, двор разбурылі — як бура прайшла.

Пра быркі бабуля заўсёды ўспамінае, калі ў хаце галаднавата. Іх скусваць — усё адно, што пакласці зубы на паліцу. Але што гэта за быркі такія, я не ведаю. Мне здаецца, што быркамі бабуля называе біркі, якія прывязваюць у сельмагу да розных тавараў. Мы будзем хадзіць у магазін і скусваць іх. Уяўляю, як гэта зробіць бабуля бяззубым ротам.

11. Мы прыглядаемся, што да чаго

Першыя дні, пасля таго як немцы занялі нашы Падлюбічы, на ўсходзе за лесам яшчэ грымела. I мы з Санькам не трацілі надзеі, што не сёння-заўтра нашы вернуцца. А калі над вёскай паказаўся савецкі «ястрабок», нам і зусім стала зразумела — хутка немцы пабягуць. I раптам немаведама адкуль ударылі зеніткі, завалаклі неба чорныя хмары дыму. «Ястрабок» узвіўся угору, развярнуўся і знік за хмарай. Паступова сціхла і за лесам.

Схлынулі з вёскі немцы. Яны рушылі далей на ўсход. Паехаў і наш дудар са сваім лупатым курашчупам. Бабуля ім і шчаслівай дарогі пажадала:

— Едзьце, каб вас калёсы пераехалі...

Мы з Санькам сядзім на прызбе і трымаем нараду. Калі вернуцца нашы — невядома: можа, праз тыдзень, а можа,і праз месяц. Мы апынуліся ў тыле ворага. Што нам рабіць — ісці адразу ў тыя партызаны ці крыху пачакаць, пакуль і другія пойдуць?

— Давай прыгледзімся, што да чаго, можа вінтоўку знойдзем ці наган,— прапанаваў Санька.— А потым і пакажам ім, дзе ракі зімуюць.

Адчапіўшыся так-сяк ад Глыжкі, мы выскачылі на вуліцу і пабеглі да школы. Бяжым і змены прыкмячаем. А змен цікавых вельмі багата. Каля сельмага ўпаў снарад і выкапаў яму, як у Скока на агародзе. Другім снарадам ссекла самую высокую таполю каля школы. Буслінае гняздо раскідана па дарозе, і сам бусел ляжыць нежывы ў пыле.

— Хто бусла пакрыўдзіць — таму не бачыць шчасця,— успомніў Санька. Я таксама веру гэтаму. Але што зараз зробіць свайму забойцу мёртвая, акрываўленая птушка?

Шмат год прылятаў бусел вясной з далёкага поўдня на школьныя таполі, прыносіў на сваіх крылах цяпло і радасць нам, дзецям. Бусел прыляцеў — неўзабаве канікулы. Шмат год ён выводзіў са сваёй бусліхай буслянят. Яны вырасталі на нашых вачах, вучыліся лятаць. Мы сачылі, як яны, падужэўшы, узнімаліся высока-высока, пад самае неба, і кружылі над вёскай, расправіўшы шырокія лёгкія крылы.