Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 26

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Бывала і так, што Кузьма вяртаўся з горада ў новых хромавых ботах, дарагім касцюме, з поўнай кішэняй грошай. Тады з яго хаты, якая стаіць якраз супраць новай школы, з раніцы да ночы чуліся п'яныя песні, шум і гвалт. Гэта Няўмыка біў сваю Усцінню — худую, заўсёды перапалоханую жанчыну. Вочы ў яе вялікія і круглыя, нібы пятакі, таму ўсе і завуць Няўмычыху Савой.

Ёсць у Няўмыкі хлопец Коля. Ен пайшоў у школу на год раней нас з Санькам, але мы дагналі яго ў другім класе. Колю нават пасадзілі разам са мной. На першым жа ўроку Няўмыканёнак украў у мяне каляровыя алоўкі, і на перапынку мы пабіліся. Пасля гэтага настаўніца нас рассадзіла.

Коля — хлопец здаровы, як і яго бацька, і такі ж руды, і такі ж злодзей. Толькі ён не ходзіць у горад, а крадзе ў вёсцы. Бывала, зайдзе ў сельмаг з доўгім дротам, на канцы якога вострая дзюбка. Толькі прадавец адвернецца, ён дзёўб — і булка або коржык у руках. Лаві яго потым, даганяй.

Летам, калі людзі ў полі, разведае Няўмыканёнак, у каго хата без нагляду, выставіць шыбу, палазіць у печы па гаршках, павыцягвае з баршчу мяса, паздымае з гладышоў вяршкі, а грошы блізка — і грошы забярэ. Яго лавілі, надзіралі вушы, білі лазой і крапівой, вадзілі да бацькі, калі той быў дома. Але нічога не дапамагала. Які дуб, такі клін, які бацька, такі сын.

Перад самай вайной Няўмыка абакраў сельмаг, і яго, мабыць, у пяты раз пасадзілі ў турму.

— А пазаўчора ён цэлы воз дабра з горада прывалок,— расказваў Міцька.— Шафы, люстры, адзенне абярэмкамі насілі.

Тут мы вырашылі, што Няўмыка — гад, што такіх трэба душыць, і пайшлі глядзець, што робіцца ў новай школе.

Па дарозе мы крыху пастаялі каля хаты-чытальні, на якой ужо вісеў партрэт Гітлера. Пад партрэтам надпіс: «Гітлер — вызваліцель». Але мы і без надпісу здагадаліся, хто гэта такі,— не раз да прыходу немцаў бачылі малюнкі ў газетах. I тут тая ж касая пасачка валасоў пад ілбом, тыя ж вусікі, тыя ж калючыя злосныя вочы. Побач з партрэтам загад на нямецкай і рускай мовах: хто будзе хаваць камісараў і яўрэяў — таму расстрэл.

Я ўспомніў, як немцы зламалі Міронаву яблыню, як ішлі па агародах танкі, як лавілі Пёкліну свінню, успомніў нашага дудара з курашчупам, таго немца, што кідаўся да маці з нажом, і сказаў:

— Добры вызваліцель.

— Гад ён,— падтрымаў іляне Міцька і прапанаваў: — Давай мы яму вочы выдзерам цвіком.

Міцька дастаў з кішэні гарэлы цвік, залез на прызбу, каб можна было дастаць Гітлера. Але ў гэты момант з былога сельсавета выйшлі два немцы, і мы пусціліся наўцёкі. Вочы ў Гітлера засталіся цэлыя.

У чарапічным даху школы, якраз у тым месцы, дзе мы сядзелі з Санькам, калі лазілі глядзець на Стараселле, вялізная дзірка. Голыя рэбры крокваў абгрызлі асколкі. Адна кроквіна звісае над сцяной, калышацца ад ветру і рыпіць.

Раптам расчыніліся школьныя дзверы, і адтуль высунуўся руды, успацелы твар Няўмыкі. Рэдкія, чырвоныя валасы прыліплі да мокрага лба. Ён цягне кніжную шафу. Шафа не пралазіць у праём, і Няўмыка натужна сапе, крэкча, лаецца на свайго Няўмыканёнка, які без толку блытаецца ў яго пад нагамі.