Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 27

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ану, патрымайце дзверы! — закрычаў ён са злосцю на нас.

Ніхто не паварушыўся з месца, а Міцька, дык той нават агрызнуўся:

— Няма дурных!

Няўмыка толькі коса зірнуў і вывалак шафу на ганак без нашай дапамогі. Тут ён узваліў яе на плечы і пацягнуў у свой двор. Коля пакрочыў следам. Калі ён праходзіў міма нас, Санька злаўчыўся і ўбрыкнуў яго босай нагой. Я не вельмі гучна, каб не пачуў сам Няўмыка, сказаў Колю, што ён рудая сучка, а Міцька паказаў кулак.

— А яны б'юцца і дражняцца,— паскардзіўся ён бацьку, а потым, адбегшы на бяспечную адлегласць, запусціў у нас цаглінай. Нам з Міцькам нічога, а Саньку цагліна трэснула па назе. Цяпер Санька не даруе гэтага праклятаму Рудзьку да магілы.

У школе ўсё было перавернута дагары нагамі. Новыя парты, за якімі нам не давялося пасядзець і аднаго ўрока, выкінуты з класаў у калідор. Частку іх ужо хтосьці пасек, паламаў. У класе немцы, як і ў нашу хату, нацягалі саломы. Усюды валяюцца пустыя пачкі ад нямецкіх цыгарэт, шматкі газет, бляшанкі з-пад кансерваў — розныя патрэбныя нам рэчы.

Я ўзяў сабе два цыгарэтныя пачкі з прыгожымі малюнкамі, Санька знайшоў яшчэ зусім новае лязо ад брытвы, а Міцьку пашанцавала больш за ўсіх. Ён выкапаў у саломе бляшанку з-пад гуталіну. Бляшанка была незвычайная. Збоку яе прымацавана бліскучая круцёлка. Павернеш круцёлку, і вечка адчыняецца само. Міцька сказаў, што ў гэтую бляшанку ён будзе што-небудзь класці і насіць у кішэні. Мы вельмі зайздросцілі яму і шкадавалі, што немцы забылі толькі адну такую добрую рэч.

У бібліятэцы на падлозе валяюцца кніжкі. Многія з іх падраныя, запэцканыя бруднымі ботамі. Апрача немцаў тут пахадзіў і Няўмыка. Гэта ён іх павыкідаў з шафаў. Паглядзела б на ўсё гэта наша Антаніна Аляксандраўна, якая нярэдка сварылася на нас толькі за тое, што крыху замусоліш старонку пальцамі!

У Санькі аж вочы заблішчалі ад сквапнасці.

— Давай дамоў занясём,— прапанаваў ён.

Ды не так проста занесці. Кніжак навалена пад самыя падаконнікі. Мы выбіраем, на наш погляд, толькі самыя цікавыя: пра пагранічніка Карацупу, пра Гарыбальдзі — італьянскага змагара за свабоду, пра конніка без галавы, пра дзеда Талаша, пра Цімура і яго каманду, пра Хаджу Насрэдзіна.

Амаль да вечара мы носім кніжкі дахаты, дзесятай дарогай аббягаючы немцаў.

Я нанасіў кніжак поўную дзежку, якая цяпер усё роўна будзе пуставаць, бо агуркі і капусту вытапталі біцюгі. У Санькі на гарышчы атрымаўся цэлы штабель. Міцька напакаваў дзве скрынкі з-пад яблыкаў. Мы не ўкралі кніжкі. Прыйдуць нашы — аддадзім у школу. А пакуль што, калі будзе час, пачытаем.

12. Шукаем сабе хваробы

Паўлік Здор, сын камандзіра апалчэнцаў, жыве на другім канцы вёскі. Ён старэйшы за нас з Санькам гады на два, перад вайной скончыў пяць класаў. Паўлік дужы, каржакаваты, хутчэй за ўсіх бегаў, далей за ўсіх ныраў. Хлапчукі з яго вуліцы хадзілі за ім гужам.