Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 23

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Пан! Пан! Распанкалася тут! — накінуўся я на яе.

Бабуля спакойна выпрасталася і, трымаючы ў прыпале чарапкі, са здзіўленнем спытала ў мяне:

— Ты не чамярыцы аб'еўся?

— А ты панкала б паменш,— не сціхаў я.

Яна адказала мне ўжо на парозе:

— Дурны ты са сваёй маткай разам. Каб разумныя былі, не лезлі б дарма на ражон.

I ляпнула дзвярыма.

Але і бабульчынай вытрымкі хапіла ненадоўга. На гэты раз зайшлі ў двор двое. Не сказаўшы ні слова, яны пачалі расчыняць вароты. Пара шырачэзных біцюгоў ледзь праціснулася паміж шуламі, а калёсы зачапіліся за плот. Падгніўшае каля зямлі шула затрашчала і пахілілася.

Немцы не сталі асаджваць коней, каб заехаць у двор па-людску, а пагналі іх наперад. Ад гэтага з трэскам звалілася ўся перашіёціна. Бабуля маўчала. Яна стаяла на ганку і толькі з дакорам ківала галавой: няма ў людзей розуму, свой не ўставіш.

У двары немцам не спадабалася. Відаць, ім тут было цесна. Таму яны развалілі і той плот, які адгароджваў двор ад агарода. Бабуля памкнулася была паказаць, што на агарод ёсць варотцы, але яе адпіхнулі. Потым на градах немцы пачалі забіваць у зямлю калы. I гэта на агурках і памідорах, куды бабуля і курыцы не давала ступіць, куды мяне не падпускала і блізка, каб не пацёр націну! Калі я быў меншы, мяне палохалі русалкай, якая нібыта сядзіць у траве і толькі чакае каго-небудзь з малых, каб заказытаць. А як падрос, мне проста далі зразумець, што будуць бедныя вушы. А тут біцюгі! Ды ў іх капыты, як рэшаты!

Бабуля зноў падбегла да немцаў і запанкала:

— Пан! Паночку! Так не гут...

«Во,— думаю,— па-нямецку бабуля рэжа...»

Яна раіць ім паставіць коней на аўсянішчы. Няхай яго топчуць, шкоды такой не будзе. А «пан» ужо адарваў жардзіну ад паваленага плота, выцягнуў на агарод і прымярае да калоў. Канавязь думае зрабіць. Быццам незнарок, ён павярнуў жардзіну вакол сябе і пляснуў яе канцом бабулі па патыліцы. Старая звалілася ў мяжу, а немец заржаў, як жарабец. Вясёлы, чорт.

У бабулі аж слёзы на вачах выступілі. Яна высмаркалася ў фартух і пайшла ў сенцы. Аб чым з нелюдзямі размаўляць?

Гэтыя двое стаяць у нас ужо другі дзень. Нацягалі ў хату саломы, зрабілі з дошак агародку, каб салома не раскідалася па падлозе, і заслалі ўсё гэта шэрай суконнай коўдрай.

— Гэта яны сабе пасцель такую зрабілі,— растлумачыў я Глыжку, а бабуля са злосцю мяне паправіла:

— Не пасцель, а гайно.

Адзін з фашыстаў такі высокі, што заўсёды б'ецца лбом аб вушак дзвярэй. Ен падоўгу ляжыць у сваім гайне і іграе на губным гармоніку. У маці ад яго музыкі галава расколваецца.

— Скажы ты яму,— просіць яна бабулю кволым голасам,— каб сціх.

Бабуля яму ўжо сто разоў казала: хворая ў хаце, а ён толькі:

— Я-я-я-я!

I зноў рыпае:

— Тылі, тылі, тылі-тылі...

У другога вочы, як у нашай каровы, лупатыя, сумныя, якога колеру — не разбярэш, быццам вадой налітыя. Гэты ўсё ходзіць па дварах ды лазіць па курасаднях. Дзвюх нашых курыц яны ўжо зжэрлі, ды яшчэ бабулю скубці іх прымусілі. Бабуля, вядома, абскубла, хоць увесь час і бурчала: