Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 22

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Бабуля не пакрыўдзілася.

— Трасцу яны знойдуць! I панесла сякеру ў сенцы.

А мне ў хаце не сядзіцца, выбег на вуліцу паглядзець, што робіцца на белым свеце.

Немцы размясціліся па дварах, з коньмі, з машынамі, з кухнямі. Загагаталі гусі, закудахталі куры, а ў Салодкай Пёклы, што жыве ад нас праз два двары, заверашчала свіння.

— Ой, што ж гэта робіцца, людзі добрыя! — загаласіла Пёкла.

Каля нямецкага начальніка круціцца цывільны перакладчык, спалохана заглядае яму ў рот, і вочы ў яго быццам у нашага Жука, калі я ем хлеб, а яму не даю.

— Табе, цётка, маркі дадуць,— абяцае ён Пёкле.

Свіння вялікая і дужая. Немцы ўчапіліся ў яе, як кляшчы, хто за вушы, хто за ногі, хто за хвост. А свіння хрукнула, крутанулася — і на вуліцу. Двое кінуліся пераймаць, а трэці бяжыць следам, трымае за хвост. На мурагу ён паслізнуўся, наступіўшы на каровін блін, але хваста не выпусціў, павалокся жыватом па траве. I ўсё ж яны падужалі свінню. Наваліліся гуртам, звязалі.

Неўзабаве заглянуў немец і ў нашу хату. Малады, гладкі, у шэрым, ладна падагнаным мундзіры. Бабуля была на агародзе, а маці стаяла ў двары на лаўцы і ўстаўляла замест выбітай шыбы фанерку.

— Матка, яйкі!

— Няма яек! — не вельмі ветліва адказала маці, не пакідаючы ляпаць малатком па цвічку. Тут ён аж збялеў ад злосці, крычыць, кулакамі пагражае. А маці быццам і не чуе яго, робіць сваю справу, з лаўкі не злазіць. Я не думаў, што яна такая смелая. Гэта зусім вывела фашыста з раўнавагі. Ен ударыў ботам па лаўцы, і маці паляцела на зямлю. Немец выхапіў з ножнаў цясак і сунуў ёй пад нос.

— Рэж, гад, рэж,— крычыць яна, а сама аж калоціцца. Шчокі расчырванеліся, вочы гараць. Я не вытрымаў і з плачам кінуўся да яе. А тут і бабуля падаспела.

— Пан! Паночку! — пачала яна прасіць, і ў голасе было столькі лагоднасці, што аж слухаць мутарна.— Дзеткі во, пан. Малыя.— I паказала на нас з Глыжкам.

Ці яго кранула бабульчына лагоднасць, ці падзейнічала наша з Глыжкам прысутнасць, але немец схаваў нож, абышоў распластаную на зямлі маці і шмыгануў у сенцы. Чуем, лесвіца заскрыпела — палез яйкі шукаць. А потым зазвінела шкло. Там стаяць рамы, якія ўстаўляюцца ў вокны на зіму. Слухае бабуля, што робіцца на гарышчы, і прыгаварвае:

— Бі, бі, каб цябе маланка біла. Шукай, шукай — хваробу ты там знойдзеш пасля мяне.

Фашыст трапіўся настойлівы. Наверсе нічога не знайшоў — палез у хаце на паліцу. Заглянуў у адзін гладыш, у другі, бразнуў іх аб падлогу і пайшоў. Дзверы так і засталіся расчыненыя.

Маці зрабілася дрэнна. Яна легла ў пасцель. Глыжка зашыўся на печ, грызе сухар і спалохана выглядае з-за коміна. А бабуля збірае чарапкі і не супакойваецца.

— Каб ты касцей сваіх не сабраў, сабака шалудзівы.

Што немец кідаўся да маці з нажом, што нарабіў нам шкоды — з гэтага я ўжо не дзівіўся? Чаго я ад іх хачу? Немцы! Мяне больш уразіла тое, што бабуля сказала «пан» і нават «паночку». Я чуў, што калісьці і ў нашай вёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных. I ў кніжках пра гэта ёсць, і Антаніна Аляксандраўна ў школе расказвала. А тут на табе — жывы пан! Мяне разабрала на бабулю злосць, быццам яна ва ўсім гэтым была вінавата.