Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 21

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Бабуля першая вылезла наверх.

— Ой, госпадзі, усе косці анямелі,— прастагнала яна і пайшла ў разведку.

Ёй карцела хутчэй паглядзець, ці цэлая хата, ці не здарылася чаго з каровай, ці не псуюць куры грады. Але да хаты бабуля не дайшла. Яна трушком прыбегла назад і падняла нас па трывозе:

— Адарка! Хутчэй бяры дзяцей ды ў хату. Танкі па агародах ідуць. Затопчуць!

Маці спалохана вохнула, схапіла за руку анямеўшага Глыжку, я следам за імі.

Танкі яшчэ далёка, на гары. Яны трушчаць платы, ламаюць яблыні, прасуюць копы жыта — ідуць напрамкі, не выбіраючы дарогі.

— Хату, можа, аб'едуць,— абнадзейвае нас бабуля.

У хаце ад акна мяне не адцягнуць. Толькі маці з бабуляй адвернуцца, а я ўжо і прыліп да шыбы.

— Адыдзі, нячысцік!

Адыду. А праз хвіліну зноў. Вельмі ўжо хочацца паглядзець, якія яны — немцы.

— 3 рагамі,— злуецца бабуля.

3 рагамі не з рагамі, а ўсё ж страшныя. Рассыпаліся ланцугом па агародах, у расхрыстаных мундзірах, на баку жалезныя рабрыстыя бляшанкі, на жываце аўтаматы. Ідуць, перагукваюцца, цыгарэткі смаляць.

Затрашчаў і рассыпаўся наш спарахнелы плот. Яго ботам паваліў салдат. Паваліў, паглядзеў па баках, зазірнуў у бабульчын бліндаж і пайшоў далей па аўсянішчы.

3 нашага агарода ён звярнуў у Міронаў сад. Спыніўся пад антонаўкай, сарваў яблык і кінуў у траву — кісла, падышоў да другога дрэва — таксама не спадабалася. Гляджу, з маліны вылазіць яшчэ адзін. Удвух яны аблюбавалі белы наліў. Яблыкаў на дрэве было ўжо небагата: дзед Мірон іх даўно абтрос і раздаў чырвонаармейцам. I мы з Санькам там трохі пахадзілі. Але на самай верхавіне яшчэ вісела дзесяткі са два.

Немцы страсянулі, але дзе ты іх страсеш, дрэва старое, дзябёлае. Гэта не спыніла фашыстаў. Адзін з іх, здаравенны, як калгасны бугай, перадаў свой аўтамат другому, спрытна ўскарабкаўся наверх і пачаў трэсці з усёй сілы. Яблыня захадзіла, захісталася, ніжняя, самая развесістая галіна затрашчала і як бы нехаця апусцілася на зямлю. Немец паляцеў з дрэва потырч, падхапіўся, і абодва зарагаталі. Праз нейкую хвіліну яны сабралі яблыкі і пайшлі.

— Во як! — сказаў я.— Не спытаўшыся, зайшлі ў чужы сад, нарабілі шкоды... Хіба так можна?

— А чаго ж ты хацеў ад немцаў? — буркнула бабуля і зноў: — Адыдзі ад акна, сатана!

Калі ў Міронавым двары загрукатала аўтаматная чарга і залямантаваў сабака, я ўжо больш не здзіўляўся. А чаго ж я хацеў ад немцаў?

10. Мы будзем скусваць быркi

Наша хата ходзіць ходырам, тонка звіняць у вокнах шыбы. Па вуліцы бясконца ідуць і ідуць нямецкія войскі. Ляскочуць, аж у вушах звініць, танкі, буксуюць у нашым раўчаку тупарылыя машыны, вялізныя з шырачэзнымі, як печ, крупамі біцюгі цягнуць калёсы.

— Ай-я-яй,— дзівіцца мая бабуля.— Як з прорвы. Мяне яна і за парог не пускае, затое сама абышла ўсё сяло. Вярнуўшыся, яна прынесла пад фартухом нямецкую сякеру: з аднаго боку лязо, а з другога абушок з кошкай, каб цвікі з дошак выцягваць. Маці ўбачыла бабульчыну знаходку і рукамі замахала:

— Выкінь, каб яе і паху ў хаце не было. Старая, а глуздоў не хапае. Калі знойдуць, ведаеш, што будзе?