Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 20

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Да самай косці! — выдумаў я і пальцамі паказаў, якой шырыні і глыбіні рана на бабульчынай назе.

Фельчар раззлаваўся.

— Варвары! Цемрадзь! — грымнуў ён на ўвесь свой медпункт.— Так скалечылі нагу і маўчаць!

Фельчар схапіў чамаданчык, з якім ён хадзіў па хатах, узяў чорны, лакіраваны кіёк і падаўся да дзвярэй.

Я выскачыў у калідор і разам з Санькам пусціўся наўцёкі. Адбегшы за трансфарматарную будку, мы з-за вугла наглядалі, што будзе далей. А далей адбылося якраз тое, чаго мы так баяліся. Фельчар з заклапочаным выглядам выйшаў з медпункта і жвава падыбаў у бок нашай хаты, апіраючыся на кіёк. Спіна сагнута крукам, барада тырчыць наперад.

— Пайшоў лячыць тваю бабку,— усміхнуўся Санька.

А вечарам яму было не да смеху. Не да смеху было і мне. Дарослым хацелася ведаць, куды дзеўся чартакож і навошта я ўвёў у зман фельчара. Мы мужна перанеслі ўсе выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю ў гэты дзень.

9. А чаго ж я хацеў ад немцаў?

Ранішнюю цішыню парушыў посвіст снарадаў. Яны праляцелі над самымі хатамі, ледзь не зачапіліся за вербы і разарваліся — адзін на поплаве, другі на агародах.

Бабуля схапіла вядро вады, заліла ў печы недагарэлыя галавешкі, выскачыла на двор і скамандавала:

— Бягом у бліндаж!

Мы ўсе кінуліся туды. Сядзім гадзіну, другую, пятую. А наверсе грукоча вайна, малоціць зямлю цяжкімі цапамі, вытрасае з яе душу. Маці прыхілілася да сцяны і, сціснуўшы зубы, стогне — зноў у яе ўсхадзілася сэрца, Глыжка зашыўся ў куток на мех з сухарамі, прыціх, быццам і няма яго. Бабуля ўвесь час лае сама сябе, што не паслухалася Скока і не разбурыла свінушнік для перакрыцця. А я з самага краю, амаль на выхадзе, накрытым начоўкамі. Мне страшна і разам з тым цікава, што робіцца наверсе, як там нашы, дзе немцы. Бой грыміць, грукоча,— здаецца, што па зямлі качаюць вялізную жалезную бочку з каменнем: з аднаго боку нашы, з другога немцы. Вось бочка недзе за сялом набірае разгон, фашысты налягаюць, і яна коціцца па вуліцах, па хатах, па вербах, па нашым агародзе, скаланаючы зямлю. Зараз наедзе на бабульчын бліндаж, раструшчыць гнілое ламачча над галавой, утопча нас у пясок. Але тут нашы налягаюць з другога боку, і бочка коціцца назад, грукаючы каменнем па сваіх жалезных баках. На сэрцы робіцца лягчэй: наша ўзяла.

Я не вытрымаў і высунуўся з-пад начовак. Гляджу, па бульбе, прыгінаючыся да зямлі, бягуць два чырвонаармейцы — адзін у касцы, у другога забінтаваная галава. Раз-пораз яны чмякаюцца ў бульбоўнік і страляюць у бок Міронавага саду. Адыходзяць.

Я падзяліўся назіраннямі са сваімі. Маці нічога не сказала, а бабулі гэта не спадабалася.

— На вуліцы ім месца няма ваяваць,— з неадабрэннем сказала яна.— Людскую бульбу ім трэба выталачыць.

А потым накінулася на мяне, быццам гэта я іх прывёў на агарод:

— Сядзь, ірад, пакуль не паказалі табе саву смаляную.

Апоўдні ўсё сціхла. Чуваць толькі, як стракочуць конікі ў траве, быццам маленькімі пілкамі пераразаюць сухія былінкі. У чыстым, бязвоблачным небе, шырока распластаўшы крылы, кружыцца каршак, а вакол яго з гоманам носіцца дробнае птаства.