Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 16

Iван Kiрэевiч Сяркоў

I раптам усё змоўкла. Супакоілася неба, патухлі пражэктары, толькі зарава пажараў гуляла кад горадам.

Раніцой мы з Санькам пайшлі глядзець, дзе ўпала бомба. А ўпала яна на Скокавым агародзе, разваліла плот, пасекла яблыні і забіла карову ў хляве. Людзі прыходзяць да Скока як на экскурсію: прыйдуць, паглядзяць яму, паківаюць галовамі — во, хвароба! Многія кажуць, што нашаму суседу яшчэ пашанцавала, што яму так наканавана.

Сама Скачыха стаіць каля ямы і расказвае жанчынам, як яно было:

— Мой хацеў якраз з бліндажа вылезці, а я яму кажу: куды цябе панясе нячыстая сіла? I тут яно як трэсне ды як гакне, дык мой назад потырч...

Потым яна пачынае плакаць і прыгаварваць, што карова была залатая, што каб ім, гадам, так лёгка дыхалася, як ёй будзе лёгка пракарміць сваю плойму без каровы. Жанчыны спагадліва ківаюць галовамі, а мужчыны стаяць убаку і з выглядам бывалых людзей спрачаюцца, які быў калібр бомбы.

— Хунтаў на сто будзе,— кажа дзед Мікалай і правярае рукой, ці не згубіліся будзёнаўскія вусы.

А дзядзька Андрэй, які ўсё глытае свой кадык і ніяк не можа яго праглынуць, не згаджаецца з дзедам. Ён думае, што ва ўсе дзвесце не ўбярэш.

У Скока пяцёра дзяцей. Большаму Скачку — Лёшку — год восем. Ногі ў яго рэпаныя-перарэпаныя. Штаны на адной шлейцы з вялізным гузікам увесь час спаўзаюць, бо ў кішэні поўна асколкаў. Пад носам дзве вяроўкі гуляюць у жмуркі. Шмыгае Лёшка носам — вяроўкі схаваюцца, пройдзе хвіліна — зноў выглянуць. Убачыўшы нас, Лёшка ўзрадаваўся. I не дзіва, ёсць перад кім пахваліцца.

— Ух, і яму выкапала ў нас! Бомба была асколашная...

А нам з Санькам дык яма не спадабалася. Мы думалі, туды цэлая хата ўвойдзе, а яна толькі мне па пояс.

На двары таксама таўчэцца народ. Людзі заглядаюць у хлеў. Заглянулі і мы. Там забітая карова ўжо вісіць на бэльцы ўніз галавой, і Скок здымае з яе шкуру. Па руках ходзіць невялічкі акрываўлены кавалачак жалеза, і ўсе, разглядаючы яго, уздыхаюць, ківаюць галовамі. А нехта з мужчын сказаў:

— Так і чалавек. Багата яму трэба?

Скокава карова — першая ахвяра вайны, якую я і Санька ўбачылі сваімі вачыма. I мы аднесліся да яе з усёй павагай: пастаялі, паглядзелі, уздыхнулі і адышлі. Праўда, мы б і яшчэ стаялі, але нас паклікаў Лёшка.

— Пайшлі, штось пакажу,— шматзначна паабяцаў ён і шмыгнуў носам. Гэтым «штось» аказалася дзірка ў свінушніку. Яе таксама прабіў асколак. Ен прайшоў, можа, на адну пядзю ад таго месца, дзе спіць кабанчык. Самому ж кабанчыку хоць бы што. Мы ткнулі свае насы ў закутак. Кабанчык задраў угару лыч, весела рохнуў і зноў пачаў перакопваць подсціл. Быццам і не было яму бамбёжкі, быццам начхаць яму і на дзірку, і на асколак. Геройскі кабанчык — гэта мы адразу зразумелі.

Нагледзеўшыся на кабанчыка, мы па прыкладу Лёшкі таксама назбіралі па кішэні асколкаў і пабеглі да Санькавай хаты. Тут нас чакала сапраўдная ўдача. Аказваецца, Санькава маці паспела ўжо схадзіць у горад.