Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 15

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Цяпер падводы, палявыя кухні, гарматы, аўтамашыны абвешаны галлём вербаў. Сякуць галіны і на нашых вербах. Сухія з машын скідаюць, а на іх месца торкаюць свежыя. I зусім, відаць, недарэмна. Над вёскай цяпер часта вісіць «рама». У нас з Санькам на языку новае слова — маскіроўка.

А бабы з сярпамі ўсё бегаюць на поле. Ходзіць і мая бабуля жаць жыта.

— Вайна вайной,— гаворыць яна,— а хлеб хлебам.

Затым паківае перад маім носам закарэлым пальцам і дадасць спецыяльна для мяне:

— Вайной сыты не будзеш.

Што будзе далей, як яно будзе далей, ніхто нічога не ведае. Адно цяпер зразумела — вайна не пройдзе стараной, не міне нашай вёскі. I ўсе да гэтага рыхтуюцца, У кожнай хаце цяпер штодзень пякуць хлеб, а ў іншых і па два разы на дні. Пячэ хлеб і мая маці, рэжа яго на скібкі і кідае нанач на гарачы под. А раніцой яна выграбае качаргой з печы сухары. Цяпер гэтых сухароў і ў нас, і ў Санькі па два мяхі. Гэта на чорны дзень, які не за гарамі.

Скок супраць сваёй хаты пад вербамі выкапаў канаву, паклаў зверху бярвення і растлумачыў нам з Санькам, што гэта бліндаж. Услед за ім пачала капаць бліндажы ўся вёска. Мая бабуля таксама не захацела адставаць ад людзей. Яна дала мне ў рукі рыдлёўку, другую — Саньку, бо ён круціўся якраз на нашым двары, і павяла нас у канец агарода. Там яна адмерала шырыню, даўжыню, паказала, куды кідаць зямлю, і наогул расказала, як што рабіць, быццам усё жыццё толькі тым і займалася, што капала бліндажы.

Калі яма была гатова, бабуля нацягала з двара рознага ламачча — жэрдак, старых дошак — і пачала масціць перакрыцце. У гэты час і прыкульгаў да нас дзядзька Захар. Ен крытычна агледзеў наша ўмацаванне і задудзеў:

— А, татка мой родны, у вас жа накат будзе слабкі.

Ён пачаў угаварваць бабулю разбурыць наш свінушнік і пакласці яго на бліндаж, а то, маўляў, як трапіць снарад ці міна, дык тут нам і капцы будуць.

— Ды, можа, яшчэ і нічога не будзе,— не згаджалася бабуля.— Толькі дарэмна свінушнік зглумім.

Бліндаж атрымаўся ў нас вельмі ўдалы. Адно толькі — бабуля не дазваляе на ім гарцаваць, баіцца, што насціл праваліцца. Але калі яе няма, мы ўсё ж гарцуем — і нічога, толькі пясок у шчыліны сыплецца.

Над вёскай усё часцей равуць нямецкія самалёты. На ўсход ідуць нагружаныя, аж неба дрыжыць, а назад — парожнія. Дзесьці ў Гомелі бухаюць зеніткі, у небе ўзнікаюць спачатку белыя воблачкі, а затым ужо даносяцца глухія частыя выбухі. Вечарамі за калгасным дваром неба наліваецца густой чырванню.

Аднойчы я прачнуўся сярод ночы ад страшэннага грукату. Стогне над хатай неба, а па сценах пакоя бегаюць чырвоныя водбліскі. Маці і бабуля спалохана глядзяць у вокны і па чарзе божкаюць.

— А божа ж мой, божа,— шэпча маці.

— А божа ж,— дапамагае ёй бабуля.

У мяне ў самога сэрца ёкнула. Я кулём зваліўся з ложка і таксама ўткнуўся ў акно. Далёка, над Гомелем, шугалі пажары, трывожна мітусіліся на небасхіле яркія промні пражэктараў. Яны то збіраліся ў кучу, то разбягаліся ў розныя бакі, старанна абмацваючы неба. Невядома чаму, мабыць, з перапуду, я выскачыў на двор. I тут неба заверашчала вялізнай недарэзанай свіннёй. Страшэнны, незразумелы мне гук свідруе вушы, пранізвае ўсяго наскрозь. Не паспеў я ўцяміць, што гэта такое, як мяне здзьмула з ганка і пакаціла па двары. Зазвінелі разбітыя шыбы, загаласіла не сваім голасам бабуля.