Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 14

Iван Kiрэевiч Сяркоў

3 гэтага выпадку бабуля сустрэла мяне з асаблівай урачыстасцю.

— А-а, бязбацькавіч! Прыйшоў? — спытала яна, як бы не верачы сваім вачам, і патрасла перад маім носам зглумленым калівам бульбы.

— Што ты такое кажаш? — спрабавала была заступіцца за мяне маці.

Але бабулю ўжо цяжка суняць.

— Тое і кажу: не паспеў бацька за парог выйсці, а яму ўжо ўправы няма...

Адным словам, бабуля мяне наскрозь бачыць, яна ведае, чым я дыхаю, ёй здаецца, што ў мяне растуць рогі...

Неўзабаве пайшоў на вайну і Санькаў бацька, і Санька таксама стаў бязбацькавічам.

6. Геройскi кабанчык

Пайшлі бацькі на вайну, адгаласілі ў вёсцы бабы, адзвінелі песні, і зноў жыццё пайшло сваім парадкам. Востраць людзі сярпы, ладзяць цапы — пачынаецца жніво. Але іншымі сталі вяскоўцы, неспакойнымі, заклапочанымі, у вачах трывога, у размовах трывога. А размовы ходзяць самыя розныя. Мы з Санькам іх слухаем ды на вус матаем.

— Кажуць, Мінск немец забраў...

— Во, прэ, гад...

— Ды брэшуць усё...

— Дыму без агню не бывае.

— А пра шпіёна не чулі? Шпіёна пад Стараселлем злавілі.

— Уцёк ён...

— А я кажу — не ўцёк...

Мы з Санькам у сувязі з гэтымі размовамі сталі вельмі пільнымі. Каго толькі на вуліцы чужога не сустрэнем, прыглядаемся, ці не шпіён. Вельмі ўжо нам хочацца самім злавіць хоць аднаго.

Некаторыя мужчыны, якіх не забралі ў армію, запісаліся ў апалчэнцы. Ім выдалі вінтоўкі і патроны. Ходзяць яны па вёсцы са зброяй, а хлапчукі следам бегаюць:

— Дзядзька, дай патрон...

Верхаводзіць апалчэнцамі калгасны брыгадзір Максім Здор. У яго не тое што вінтоўка, але і рэвальвер ёсць.

На калгасны двор прывезлі немаведама адкуль палявую кухню. Цяпер апалчэнцы не ходзяць дамоў абедаць. Ім гатуе маці Колі Бурца. Коля і сам не адзін раз еў апалчэнскі суп, а потым хваліўся — смачна.

Амаль кожны дзень праз вёску ідзе войска. 3 раніцы да позняга вечара мы дзяжурым на шашы, баючыся прапусціць хоць адну калону. Як толькі чырвонаармейцы спыняюцца на прывал, Санька выносіць вядро з карцом, і мы цягаем з калодзежа ваду, поім стомленых, запыленых, спацелых байцоў.

За гэта нам дазваляюць памацаць кулямёт, памераць каску, а адзін вясёлы кучаравы баец падарыў нам тры вінтовачныя гільзы. Мы доўга не маглі іх падзяліць і ледзь не пабіліся.

А аднойчы камандзір дазволіў паглядзець у бінокль. Тут нам было ўжо і зусім добра. Калі я навёў бінокль на нашу новую школу, дык яна апынулася пад самым носам. Здаецца, рукой дацягнуцца можна. Іншая справа, калі перавернеш бінокль другім канцом. Тады школа становіцца не болыпая за цагліну, і знаходзіцца яна цяпер аж на самым краі вёскі. Мы праверылі гэта і на Санькавай хаце, і на трансфарматарнай будцы, і на таполях — аднолькава. Цэлы тыдзень мы потым жылі ўспамінамі пра гэты бінокль.

А войска ідзе ўсё болей і болей. Толькі цяпер не так, як раней. На прывалах доўга не расседжваюцца. Перавернуць байцы анучы, пераматаюць абмоткі, і вось ужо гучыць:

— Станавісь!

Другія ў біклажкі і вады не паспеюць наліць.