Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 17

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ой, людцы, шчо там робіцца! — расказвала яна.— Усё разбіта, усё разбурана, хапаюць, грабуць... Шчоб воны паказылыся!

Санькава маці — жанчына не падлюбская. Тоўстыя, залацістыя косы, твар круглы, як сонца, і ямачкі на шчоках. Прывёз яе дзядзька Іван здалёк, з нейкіх хахлоў, і казалі людзі, што на руках насіў. Праўда, асабіста я гэтага не бачыў і, пакуль не ўцяміў, што гэта толькі так гаворыцца, доўга дзівіўся з дзядзькавай сілы. Цётку Марфешку, як называў яе Санькаў бацька, каб падняць, дык трэба пад'есці.

3 горада цётка прынесла макацёр патакі. Сёння ноччу разбамбілі цукеркавую фабрыку, і цяпер гэтая патака цячэ ў горадзе па канавах уздоўж дарог, як вада пасля дажджу.

Мы сядзім з Санькам каля макатра, мачаем у патаку хлеб і ядзім. Крыху пахне мазутам, крыху трашчыць пясок на зубах, але не так ужо гэта і страшна. Можна жыць.

7. Мы збiраемся ў паход

Санькава маці хоча ісці ў адступленне. Не заставацца ж тут пад фашыстам. Яна насыпала ў торбы сухароў, наклала ў іх рознага адзення. Кожны дзень яна думае, што б яшчэ такое ўзяць, і торбаў становіцца ўсё больш. Хто іх панясе, мы з Санькам нават не ўяўляем.

Мая маці таксама надумалася адступаць.

— Цю-у! — замахала на яе рукамі бабуля.— Няхай ужо гэтая хахлушка, дык ёй, можа, ёсць куды ісці. А я чаго пайду ў белы свет са сваёй хаты? У тую вайну, калі прыйшлі немцы, я не адступала і зараз не буду. Не дажывуць яны таго дня, каб я ім усё кінула-рынула.

Не хочам адступаць і мы з Санькам. Цяпер кожны дзень па радыё гавораць, што трэба ісці ў партызаны і рабіць так, каб зямля гарэла пад нагамі ў ворага. Там, куды прыйшлі фашысты, партызаны ўжо ваююць. Як гэта робіцца, мы прыблізна ведаем. Да вайны кіно сто разоў бачылі. «Валачаеўскія дні». Партызаны ходзяць па лесе са сцягам. Наперадзе камандзір. Яны робяць на дарогах засады і страляюць. Ад іх так уцякалі японцы, што глядзець любата.

Мы з Санькам, калі што, таксама пойдзем у партызаны. Пра гэта мы нікому не расказваем. Мая бабуля так адпартызаніць, што месца не знойдзеш. Падрыхтоўка ідзе ў глыбокай тайне.

У Санькавай маці ёсць швейная машына. Цётка Марфешка шые на ёй дзяўчатам кашулі і хлопцам штаны. Санька таксама ўмее абыходзіцца з машынай: заправіць нітку, паставіць на месца чаўнок і нават зробіць шоў. Да гэтага яго прывучае маці. Санька вырасце і будзе мець кавалак хлеба.

Калі дома нікога не бывае, мы што-небудзь шыем. Асабліва нам падабаецца рабіць кашалькі. Матэрыялам для кашалькоў служыць цырата, якой накрываюць стол. Мы адразаем ад яе невялікія кавалкі, і пакуль што ніхто гэтага не прыкмячае. Аднак кашалькі — дробязь у параўнанні з тым, што мы робім зараз. А зараз мы шыем сабе чырвонаармейскія ранцы.

I сапраўды, як вы пойдзеце ў партызаны, калі ў вас няма чырвонаармейскага мяшка з супонькамі? Куды вы будзеце класці сухары, бінты і ёд? Без бінтоў і ёду ісці нельга. Могуць параніць. Чым вы перавяжаце тады свае раны?

I вось, калі Санькава маці пайшла да суседзяў і заседзелася, мы пачалі. Я стаю каля акна і назіраю, каб нас не засталі знянацку, а Санька перабірае на швейнай машыне кавалкі матэрыі, што прынеслі суседзі для шыцця. Тут і паркаль, і сацін, і мультан. Але больш за ўсё нам спадабаўся кавалак чорнага чартакожу: трывалы, дзябёлы — самы раз на мяшкі. Гзты чартакож прынесла ўчора Малашыха — Міцькі-Мангола маці. Яна сказала цётцы Марфешцы: