Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 18

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Пашый ты майму бандыту штаны.

Сам «бандыт» так задаваўся будучымі штанамі з кішэняй, што на нас з Санькам і глядзець не хацеў. Ён паслухмяна круціўся, калі з яго здымалі мерку. Тоўстыя Міцькавы губы расплыліся ў лагоднай усмешцы. Аднак Міцьку давядзецца пакуль што бегаць у старых штанах. Вайна ёсць вайна.

Санька ўзяў вялікія кравецкія нажніцы, прымераўся і спрытна разрэзаў чартакож на дзве часткі. Затым ад кожнага кавалка адхапіў яшчэ па два доўгія паскі. Гэта на супонькі.

I работа закіпела. Я стаю на пасту, а Санька шые і шые. На шырокім, як у качкі, Санькавым носе выступілі кропелькі поту. Часам нітка то рвецца, то блытаецца, і Санька злосна чартыхаецца.

Пакуль маці прыйшла ад суседзяў, у нас было ўжо ўсё гатова: мяшкі пашыты, напоўнены сухарамі і схаваны на гарышчы ў саломе. Яна ўбачыла нас толькі тады, калі мы ўжо злазілі па лесвіцы ўніз.

— Чаго гэта вас тут носіць? — пацікавілася цётка Марфешка.

Ад нечаканасці Санька прамінуў адну перакладзіну, грымнуўся на падлогу і ляснуўся лбом аб ступу.

— Чаго-чаго! — са злосцю адказаў ён маці.— Проста так!

Цётка падазрона агледзела нас і паківала галавой:

— Ой, глядзі, біс, шчоб я цябе не ажаніла...

А мы ўжо на вуліцы атрасаем з галоў кастрыцу і павуцінне. Санька, апрача гэтага, яшчэ і гладзіць новы гуз.

8. На выпадак ранення…

Цяпер нам патрэбны бінты і ёд. Іх можна купіць толькі ў нашага фельчара Цімафея Іванавіча. I зрабіць гэта — не чхнуць. Нас могуць параніць не адзін раз, таму і бінтоў трэба багата. Значыць, фельчар або хто іншы можа здагадацца, навошта нам столькі, і тады тайна будзе раскрыта. Да таго ж сам фельчар ведае нас з Санькам як аблупленых. Мы са школы не раз уцякалі, калі ён прыходзіў то са сваімі ўколамі, то з воспай, то з пілюлямі. Воспу і пілюлі яшчэ можна было цярпець, а вось уколы нам не падабаліся.

Ніхто іншы, як я, мінулай зімой катаўся на жалезных санках з гары і ўрэзаўся ў плот. Давялося сшываць верхнюю губу. I рабіў гэта Цімафей Іванавіч.

Не так даўно ў Санькі вырасла на шыі скула з яблык. 3 гэтай скулой ён няньчыўся цэлы месяц. Яго некалькі разоў вадзілі ў медпункт. Цімафей Іванавіч мазаў скулу нейкімі мазямі. Мазаў, мазаў, а потым узяў і разрэзаў. Санька і войкнуць не паспеў.

Ужо сёлетняй вясной я наеўся зялёных яблыкаў, дык Цімафей Іванавіч, неяк даведаўшыся пра гэта, ледзь не па ўсёй вёсцы ганяўся за мной з касторкай. Дудкі — не злавіў!

I вось да такога чалавека мы ідзём купляць бінты і ёд.

У калідоры медпункта пахне карболкай, спіртам і яшчэ чымсьці. На невялікім услончыку сядзіць чырвонаармеец з забінтаванай рукой, а па калідоры, не спыняючыся ні на хвіліну, ходзіць жанчына з грудным дзіцем на руках. Дзіця крычыць, аж захліпаецца. Яно не хоча ні малака з бутэлечкі, ні соскі-падманкі.