Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 13

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Што пад той, пад вярбой, Салдат ранены...

Яго падтрымала цётка:

Ў галавах у яго Вараны конь стаіць.

Тут маці, якая да гэтага ўсё набівалася гасцям, каб яны паспыталі то бліноў, то студзіны, моўчкі паднялася з-за стала і, закрываючыся ад людзей хусткай, выйшла ў сенцы. Басы змоўклі. Толькі высокі голас суседа ўсё не хацеў сціхаць:

На грудзях у яго...

I раптам голас абарваўся. Апошнія словы Скок не праспяваў, а, уздыхнуўшы, прагаварыў:

Сцяг чырвоны ляжыць...

Настала цяжкая цішыня, толькі муха дзінькала ў акне, б'ючыся аб шыбу.

— Эх, чорт,— раззлаваўся раптам бацька і грукнуў па стале кулаком, аж падскочылі міскі і лыжкі. Потым ужо больш спакойна звярнуўся да гасцей:

— Аб чым я вас папрашу...

Тут бацькаў голас задрыжаў, і ніжняя губа часта-часта заторгалася.

— Усіх прашу: і цябе, дзядзька Мікалай, і цябе, Марына, і вас, суседзі, калі здарыцца такое... Словам, прыгледзьце сірот, калі што...

Цётка Марына адразу захліпала і загаласіла пра тое, што бедныя нашы галованькі і што самі мы таксама бедныя-бедныя. Мне аж самому захацелася плакаць, толькі Санькі пасаромеўся. Потым смяяцца будзе.

Дзед Мікалай пакратаў свае будзёнаўскія вусы, быццам хацеў праверыць, ці на месцы яны, і, глуха кашлянуўшы, адказаў:

— Бог дасць не здарыцца. Вернешся. А мы тут не кінем іх.

— Ды што казаць,— падтрымаў яго дзядзька Андрэй.

Па вуліцы я іду побач з бацькам і стараюся выглядаць героем, ступаю шырока, нага ў нагу з дарослымі. Не спяшаючыся, відаць, баючыся што-небудзь забыць, бацька вучыць маці:

— Авёс на агародзе сажніце, складзіце на хату — сушэй будзе. Ды толькі добра вымалаціце, а то мышы аўсянку пасякуць. Карова ацеліцца — цяля не трымайце. Не пракорміце. А будзе якая капейка — купіце на зіму хоць якога кабанчыка. Дзеду Мірону пуд пшаніцы аддасцё з працаднёў.

А маці ідзе і чамусьці яго не слухае. Яна думае пра нешта зусім іншае і ўвесь час цяжка ўздыхае.

— Сена паможа прывезці дзядзька Мікалай. Вы тады яму скажыце.

— I казаць не трэба,— адгукнуўся ззаду дзед.— Мы тут з Іванам як-небудзь управімся...

Я аж расту на вачах: гэта дзед пра мяне гаворыць,

За вёскай нас дагнала падвода. На ёй людзі ехалі таксама на вайну — усе з торбамі.

— Болей не праводзьце,— сказаў бацька,— доўгія провады — лішнія слёзы.

Мазолістай, цяжкай рукой ён раскашлаціў валасы на маёй галаве.

— Ну, глядзі тут, сын. Слухайся маці, дзеда, бабу. Струмент мой не расцягні. Можа, спатрэбіцца.

Бацька лёгка ўскочыў на падводу і паехаў.

Мы з Санькам беглі следам, пакуль не засапліся, а потым селі ў прыдарожны палын, і нам стала горка-горка: ці то ад палыну, ці то ад пылу, якога наглыталіся, даганяючы падводу, ці то ад крыўды, што нас не бяруць на вайну. Там бы мы сябе паказалі, а заадно пакаталіся б і на танках, назбіралі б па кішэні гільз, а то і разжыліся б кулямётнымі стужкамі, якімі абвешваюцца матросы ў кінафільмах пра рэвалюцыю. А дома чорта лысага выседзіш.

Дамоў я прыбег пад вечар, абгойсаўшы ўсю вёску. Тут, аказваецца, кабанчык нарабіў бяды: залез у агарод і ўзараў цэлы рад бульбы.