Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 8

Винцент Дунин-Марцинкевич

(Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы.)

Ціхон. У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, – 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.

Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.

Ціхон. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!

Пісулькін (убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку.) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да, Ціхона.) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады.) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго.

(Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае.)

Кручкоў. Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в угаловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці.

Ціхон. Жонка, а жонка, – хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, – хрэн ёй у вочы!

Куліна. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком.)

Грышка (да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, – можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты.) І вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку – па дзесяць, а каторыя не бачылі – па пяць рублёў, – злажыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы.

Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.

Ліпскі. Ідзі ты, сынку, – палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.

Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі.

Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі!

Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць