Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 6
Винцент Дунин-Марцинкевич
Кручкоў. Чаго ж ты хочаш ад мяне?
Марыся. Найяснейшая карона! Скончыце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, – няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найяснейшая карона!
Кручкоў. Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу... Гэй, дзесяцкі!
Дзесяцкі. Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушонай рыбай. Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа.
Кручкоў. Добра! Няхай усе аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе... Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з кабетаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсць?
Дзесяцкі. Цюхай, апроч мёду і рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго – капу ражынкаў-уюноў.
Кручкоў. Добра, добра! Усё ўпакаваць асцярожна! Ды кліч усіх сюды!
З’ява IX
Ціхон. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы.
Куліна. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся.
Ціхон. Ты – кабета, хрэн табе ў вочы, – ён жа цябе не з’есць! Вазьмі гэтыя грошы, – тут іх пяць дзесятак, – пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай, – тады і дзела пойдзе, як па салу.
Куліна. Ну, што рабіць, – папытаю.
Кручкоў. Цішэ!
Ліпскі. Маю, найяснейшая карона.
Кручкоў. Пусць выступят вперед!
Ціхон. Дык ён жа назваў мяне мужыком, – хрэн яму ў вочы.
Кручкоў. Маеш сведкаў?
Ціхон. Маю, Куторгу.
Кручкоў. Яго няможна ставіць, – ён пад судом.