Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 7
Винцент Дунин-Марцинкевич
Тры сведкі (боязна кланяючыся). Бачылі, найяснейшая карона.
Кручкоў (абярнуўшыся да іншай шляхты). А вы бачылі?
Усе іншыя. Не, не бачылі, найяснейшая карона!
Кручкоў. Ну, дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномерно в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, – па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, – па 3 рублі. Плаціце! (Садзіцца на месца ды піша; шляхта шэпчацца паміж сабою, пасля выбраны ўсімі зборшчык Цімох Альпенскі падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, збірае грошы і, злажыўшы грошы ў адзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол.)
Ціхон (адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пайшоў збіраць ад другіх). Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, – хрэн яму ў вочы!
Куліна. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, – такая, бач, парода.
Кручкоў (як Альпенскі палажыў на стол грошы), А ўсе?
Альпенскі. Да капеечкі, найяснейшая карона!
Кручкоў. Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт.
Ціхон. Ух, госпадзі! Што гэта будзе, – хрэн яму ў вочы?!
Куліна. А што будзе? Вядома, юрыста, – абдзярэ ўсіх дачыста дый паедзе з Богам дахаты.
Ціхон. Хрэн табе ў вочы, – каб прынаймні шкура была цэла, а то як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас!
Кручкоў (устаў і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з увагаю!.. (Усе кланяюцца.) Буду чытаць дэкрэт. (Зноў кланяюцца.) Па указу его імператарскаго вялічаства, во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, саставленном із участковага заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего абстаяцельства следуюшчыя: Іван Цюхай-Ліпскі назвал Ціхона Протасавіцкаго мужыком; тот за такую обіду пабіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей. Расследовав таковое дзело, врэменнае прысуцтвіе, сообразно указу всеміласцівейшаго гасудара Пятра Вялікаго в 1688 г. марта 69 дня паследававшего і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, – опрэдзеліло: а) Ціхону Протосавіцкаму, как угалоўнаму прэступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана, і 2-е) штрафа 25 руб. в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; в) свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, – 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся, назначается: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 руб. штрафа в пользу того же прысуцтвія. Напаследак: г) прымяняясь к указу яе вялічаства Анны Іаанаўны 1764 г. акцябра 45-га чысла за негербовую бумагу, упатрэблённую і імеюшчуюся ўпатрэбіцца па сему дзелу, – Протосавіцкі 5, Ліпскі 3, свідзецелі па 2, а все прочыя па 1 рублю ўплоцят... Кончэна! Цяпер зборшчык няхай збірае грошы, пасля жа прымемся за лазу.