Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 11

Винцент Дунин-Марцинкевич

Хор

Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!

Куторга

Як збяром дабро дачыста, Завязём на торг да места, Тады квартаю чырвонцы, Гарцам мерым карбавонцы.

Хор

Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!

Куторга

Дзяўчаты нашы, як лані, Харашэйшы як ясны пані. Зіркне катора – маспане! – Сэрца з-пад жыбра дастане.

Хор

Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!

Чуваць звонікі. Шляхта, ап’янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму

Кручкоў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч?

Альпенскі. А што?

Кручкоў. Ён казаў, што ты не шляхціц.

Альпенскі. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!

Кручкоў. Не пры мне, – як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком.

Статкевіч. Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату, – дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.)

Ліпскі. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць!

Кручкоў. Не ка мне, не ка мне, – няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.)

Ціхон. Віват, найяснейшая карона!!

Усе (апрача тых, што б’юцца). Віват, найяснейшая карона! (Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца.)

Куторга. Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі.) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык:

Найяснейшая публіка! Прашу цябе, не дзівіся, Бяда гэта невяліка, Што мы крыху папіліся. Няхай шчасная развязка Пінскай шляхце ад вас будзе, – Дайце брава, калі ласка, Ды і з Богам, добры людзі!

Примечания

1

Даўней асэсараў, або засядацеляў, а потым станавых прыставаў, таму што першыя выбіраліся падчас шляхецкіх выбараў, а другія назначаліся ўрадам, − пінская шляхта велічала найяснейшай каронай.

2

Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.