Читать «Пінская шляхта» онлайн
Винцент Дунин-Марцинкевич
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Пінская шляхта
Асобы
Кручкоў – станавы прыстаў.
Пісулькін – яго пісарчук.
Ціхон Пратасавіцкі.
Куліна – яго жонка.
Марыся – іх дачка.
Іван Цюхай-Ліпскі.
Грышка – яго сын.
Цімох Альпенскі.
Базыль Статкевіч.
Харытон Куторга.
Дзесяць іншых асоб.
Дзесяцкі.
З’ява I
Марыся
Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона на прасоку. У ім цэлае наша спасенне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай ты госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найяснейшаму ўказу! − то бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вяселле... Ды што гэта зрабілася Грышку?
З’ява II
Грышка. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую.
Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!..
Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш?
Марыся. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.
Грышка. Выбачай, мілая Марыся, − чуць золак, я з’ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.
Марыся. Трэба было завезці які гасцінчык.
Грышка. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усе прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты, − бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня!
Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!
Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім − уся наша надзея.