Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 9

Винцент Дунин-Марцинкевич

Грышка. Найяснейшая карона! Мы – адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, – паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!

Пісулькін. І я вас прашу, ваша благародзіе, – пусць подадут міровую і канцы в воду.

Кручкоў (да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся.) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, – ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою.) Ціхон! На згоду каб быў крупнік.

Ціхон. Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце, – хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату.)

Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон, – аддасі за Грышку сваю Марысю?

Куліна (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!

Кручкоў. Адкуль жа ты ведаеш?

Куліна. Дык я ж сама яе зладзіла...

Кручкоў. Што?

Куліна. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.

Кручкоў. А... ты талкуеш аб крупніку!

Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа?

Куліна. А як жа, аб прыправе...

Ціхон. Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы, – аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага...

Куліна. А што будзе з Куторгаю?

Ціхон. Хрэн яму ў вочы! Твой Куторга толькі хваліцца ўмее, а як прыйшло да дзела, дык чуць у бяду з сабою разам і мяне не ўцяг.

Кручкоў. Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым.) Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу?

Грышка. Ой, хачу, вельмі хачу! Найяснейшая карона! Бог мяне пакарай, калі я не дам ёй шчасця адружыўшыся.

Кручкоў. А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім век дзяліць шчасце і гора? (Марыся, засаромеўшыся, паварочваецца тварам да сцяны ды дзёрпае яе пальцам.) Ну, што? Чаго маўчыш?

Марыся. А ўжо ж, калі маўчу...

Кручкоў. Дык – хачу? Ладна! Любіш ты Грышку?

Марыся (сарамліва). Але...

Кручкоў. Крэпка яго любіш?

Марыся

Раманс

Найяснейшая карона! Трудна мне без Грышкі жыці. Hiяка земска прэпона Не ў сілах нас разлучыці! Сэрца маё – яго менне, Яго любоў – мая сіла. Без яго мне смерць – спасенне, Без яго мне свет – магіла. Няхай бацькі лаюць, мучаць, Hi з кім другім не зручуся. Калі з ім мяне разлучаць, Я ў Прыпяці ўтаплюся.