Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 5

Винцент Дунин-Марцинкевич

Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкам паклонімся ў пояс найяснейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку.

Куторга. Што?! Ты думаеш, я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў.

З’ява VII

Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін, Кручкоў падыходзіць ціха к Куторгу ды б’е яго па плячы; Пісулькін жа з камічнаю ўхваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца.

Кручкоў. Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? Хочаш павучыць, дзе ўюны зімуюць? Пачакай жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сведкаў садзяць. Гэй, дзесяцкі!

Куторга (зляканы). Ваша благароднае сіяцельства! Найяснейша карона! Ды я ж толькі сабе жартаваў, – вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайсці за мяне замуж. Бацькі благаслаўляюць, а яна казырыцца, – дык я вось так здуру сказаў ёй.

Кручкоў. Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсеміласцівейшага цара Пятра Вялікага, 1779 года, аўгуста 10-га і па Статуту літоўскаму раздзела 3-га, параграфа 375-га гэта ўгалоўнае прэступленне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць.) Пасадзі гэтага моладца ў асобую святліцу ды глядзі, каб ён не бачыўся ні з кім, а барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.

Куторга (выходзячы з дзесяцкім). Найяснейшая карона! Бойцеся Бога, не губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, – добра прыказка кажа: млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе. Выбачайце майму дуру!

Кручкоў. Якому дуру? Ты ж чалавек бывалы і нядаўна хваліўся сваім розумам.

Куторга (з бакавых дзвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, бы швед пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім.)

З’ява VIII

Тыя самыя, апрача Куторгі

Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, пакінь ваша заляцанне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказанне.) Харошая пагода, можна і на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарніліцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам да Пісулькіна, а потым гаворыць да Марысі.) Ну, Марыся, хадзі сюды, пабліжэ, дык кажы мне шчырую праўду, – ты ж бачыш, што ў мяне вусы не натапыраны, дык я не сярдзіты, – кажы: любіш ты Грышку Ліпскага?

Марыся (саромячыся і перабіраючы фартушок). Ну, дык што?..

Кручкоў. За што ж ты яго палюбіла?

Марыся. Сама не ведаю, – вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як жа яго не любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое.

Кручкоў. Дык хош за яго замуж выйсці?

Марыся (з сарамлівасцю). Але, хочу... калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найяснейшая карона! Злітуйцеся над намі ды сатварыце наша шчасце! (Кланяецца яму.)