Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 6
Іван Чыгрынаў
— Адкуль табе вядома, што я гаварыў на праўленні? — агрызнуўся Зазыба, нібыта яму і сапраўды няўцям было, што паліцэйскі яшчэ тады ж паспеў пра ўсё выведаць у Мікіты Драніцы.
— Каб мне ды не дазнацца цяпер, што ў Верамейках робіцца!
— Хіба што!
Гэтае злараднае Зазыбава «хіба што» неспадзявана збянтэжыла паліцэйскага. Мусіць, каб не выдаць сваёй збянтэжанасці, ён ад ніякаватасці нагнуўся і на хаду, амаль з-пад нагі, падхапіў плямісты, зусім падобны на птушынае яйка, дзіч, адкінуў прэч, нібыта невялікі камень стаў перашкодай у яго на шляху.
Зазыба адчуў збянтэжанасць свайго спадарожніка, усміхнуўся, здавалася, пасля гэтага Брава-Жыватоўскі альбо зусім пачне злаваць на Зазыбу, альбо перастане лезці са сваёй гаворкай у душу, але дарэмна. Ён зноў перасмыкнуў ад прыкрасці шчакой, выціраючы тым часам аб штаніну руку, якой браўся за дзіч, хоць на ім ці было што, апрача сухога пяску, а тады пачаў:
— Помніш, ты гразіўся мне, як ехалі з мястэчка, — маўляў, сам па сваёй ахвоце лезу ў пятлю? А ты вось? Думаеш, па табе асіна ўжо наперад не плача, раз такія пратаколы асмельваешся пісаць?
— Значыць, абодвум нам пятлі не мінаваць.
— А гэта яшчэ як выйдзе. Нездарма ж кажуць, бабка на двох варажыла.
— На карты?
— А што?
— А тое, што дрэнны ты гулёк на картах.
— Ды ўжо як-небудзь...
— Ну, ну...
Брава-Жыватоўскі пагардліва ўсміхнуўся.
— Яшчэ пабачым, што ты адкажаш Гуфельду, чаму распусціў калгас?
— Якому Гуфельду?
— Каменданту.
— А-а-а...
— Я ж казаў табе, не чапаць.
— Ці мала што можна казаць. Распараджэння ж я ад каменданта твайго не палучаў.
— Затое я табе гаварыў.
— Хіба што. Але ж можна і так — нічога ты мне не гаварыў.
— Значыць, адмаўляешся?
— А і адмаўляюся.
— Ну што ж, пабачым.
— Дык не адна ж мая ахвота была зрабіць гэтак з калгасам. Збіралася праўленне, на ім і рашалі. Так што...
Ужо даляталі блізкія галасы ад натоўпу. А гэта значыць, што іхнюю гаворку мог пачуць хто-небудзь. Таму Брава-Жыватоўскі не стаў пярэчыць Зазыбу.
Мікіта Драніца, вядома, і тут не мог здрадзіць сваёй натуры, каб першаму не перастрэць верамейкаўскае начальства. Як толькі згледзеў блізка Брава-Жыватоўскага з Зазыбам, то выскачыў з натоўпу напярэймы.
— Гляньце вунь, як тэй таго, татарын аленя ўкокаў!
Мікіта, бадай, у захапленні быў, што Рахім гэтак спрытна застрэліў не бачаную дасюль у забяседдзі рагастую жывёліну, але губляўся, не ведаючы, каму з двох, Зазыбу ці Брава-Жыватоўскаму, аддаць перавагу, таму вочы яго па-сабачы вінавата блукалі паміж адным і другім і былі маленькія, мусіць, таксама з тае прычыны.