Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 7
Іван Чыгрынаў
— Не аленя, а бытта лася, — паспяшаўся на дапамогу Мікіту Сілка Хрупчык, — бо ў аленя...
Але Зазыба не стаў слухаць Сілкава ўдакладненне. Пакідаючы Брава-Жыватоўскага, які дапаў да Мікітавай гаворкі, ён хуценька прайшоў па жывым калідоры, што ўтварылі перад ім, якраз уздоўж сцежкі, верамейкаўскія мужыкі і бабы. Сапраўды, на сцежцы ляжаў нежывы лось. На момант Зазыба прыгадаў, як вазіў у Бабінавічы на спасаў дзень па даручэнні сакратара райкома Маштакова і незнаёмага вайскоўца Марылю і як па дарозе, за Гарбатым мастком, прыкмеціў круглы, не бачаны дасюль у забесядскім лесе памёт. «Значыць, гэта ласі завіталі да нас аднекуль», — падумаў цяпер чамусьці зусім без жалю па забітым прышэльцы Зазыба і пільна, як і вымагала таго сапраўднае дзіва, агледзеў сахатага. Той ужо не падаваў ніякіх адзнак жыцця. Гарбаносая галава яго, у якую трапіла куля, бездапаможна ўткнулася шэрай пысаю ў сцежку, а з ноздраў тонкімі вяроўкамі сцякала, загусаючы, скрываўленая жыжка. Куды дакладна, у якое месца на галаве пацэліла куля, Зазыба не знайшоў, бо звер пасля стрэлу паваліўся на зямлю тым, прастрэленым правым бокам; нячыстая, як забруджаная, белая поўсць на магутных грудзях была вымазана ўжо крывёй, што нацякала на сцежку з нябачнай раны. Відаць, сахаты зусім не біўся ў перадсмяротных сутаргах, бо зямля вакол была не папорканая — ні там, дзе ляжалі цяжкія рогі, што яшчэ не паспелі як трэба адрасці ў гэтым годзе, і пасынкі тырчалі, бы чортавы пальцы, ні супраць капытоў, вузкіх і раздвоеных, як у звычайнага вала. Лёгкая смерць зусім не абязвечыла ляснога волата. І калі б не кроў на сцежцы ды гэтая бездыханная нерухомасць яго, то льга было падумаць, што звер раптам нечага забавіўся тут і заснуў, адно няўдала месца сабе выбраў, а людзі, якія стоўпіліся вакол, ішлі аднекуль па сцежцы ды прыпыніліся, каб падзівіцца, злашча дзівіцца і праўда было з чаго: лось вырас на волі прыгожы — з цяжкімі грудзямі і лёгкім, быццам для палёту, коса адсечаным азадкам, з тонкімі, акурат вытачанымі нагамі, светлая поўсць на якіх заходзіла вышэй каленак, з сухарлявым, як ніколі не кормленым, жыватом, праз які ледзь не ад завушніцы бялела шырокая паласа... Зазыба спакваля, як у ціхмянай задуманасці, абышоў кругом сахатага — упершыню ж даводзілася бачыць гэтак блізка, тады зноў вярнуўся да ўзгалоўя. Мінаючы тое месца, дзе ляжалі, бы паваленае царскае крэсла, разгалістыя рогі, ён неасцярожна зачапіўся левай нагой за крайні пасынак, самы даўжэйшы з усіх, але ласёва галава ад гэтага, здаецца, нават не зварухнулася, толькі балюча засадніла вялікая бярцовая косць, якой Зазыба выцяўся.
Пакуль Зазыба з непадробнай цікавасцю аглядаў забітую жывёліну, адбылося нечаканае — нават не столькі нечаканае, колькі непрадбачанае, прынамсі сёння, бо найважнейшыя падзеі гэтага дня ўжо пэўна што адбыліся: зранку верамейкаўцы ўзяліся за падзел калгаса (хіба не падзея?), а цяпер вось татарын застрэліў сахатага (таксама мужыкам размоў на цэлыя гады!). Такім чынам, дзень і так ужо быў поўны адметнымі падзеямі, быццам укоптарак. Здавалася б, якога ражна яшчэ трэба? Але здарылася менавіта тое, чаго ў Верамейках, хоць і са страхам, аднак чакалі. Па адным ужо тым, як раптам аціхлі вакол галасы, Зазыба мог даўмецца, што людзей нешта насцярожыла. Але ён яшчэ патупаў трохі, быццам цяпер толькі ўсведамляючы, якая недарэчнасць выйшла з гэтым забойствам; ён ужо гатовы быў апякчы вачамі і самога стральца, ажно пачуў гарачы шэпт, няйначай, хтосьці ўспомніў маліцца, хоць для малітвы ў голасе было залішне трывогі і плаксівай разгубленасці. Між тым адгадка была простая — да сухадолу імчалі, гарцуючы ў сёдлах, нямецкія коннікі. І ўсе ўжо, акрамя Зазыбы, бачылі іх — і Чубар, які баяўся выйсці на луг з-за кустоў ядлоўцу, і тыя кабеты, што не пабеглі разам з іншымі да крыніцы, а па-ранейшаму хапаліся жаць у Паддубішчы, і, вядома, усе на сухадоле. Зазыба падняў галаву ўжо на выразны тупат конскіх ног. Рассыпаўшыся паўкругам па схіле, коннікі, якія таксама чулі стрэл, відаць што мелі праз гэта намер захапіць натоўп знячэўку, каб ніхто не здолеў уцячы ў лес, да якога рукой падаць. Той-сёй з верамейкаўцаў, падпарадкоўваючыся інстынкту самазахавання, пачаў неўпрыкмет адступацца назад, патрапляючы стаць суседу за спіну. Следам за коннікамі, калываючыся на выбоінах, выпаўз з-за пагорка і пакаціўся па ўзмежку лёгкі бронеаўтамабіль «Хорх».