Читать «Апраўданне крыві» онлайн

Іван Чыгрынаў

І

Маршавая нямецкая калона даўно ўжо ўступіла паўз Кандрусевічаву хату ў Верамейкі, а ў вёсцы мала хто свядома мог бачыць яе: амаль усё дарослае насельніцтва было ў Паддубішчы.

Першай згледзела немцаў старая бусліха, што адзінока і бездапаможна, нібыта падвешаная, стаяла на гняздзе каля могілак. Яна была дужа галодная, і наогул — жыла гэты год заўсёды ў закарэлым голадзе, бо рэдка калі злятала з бярозы на зямлю, каб пашукаць паміж травы ці край балота ежы, таму ў глыбокім трызненні нямецкая калона ўнізе яшчэ здалёку здалася ёй зварушлівай вужакай.

ІІ

— Ну вось, Зазыба, верамейкаўцы твае нарэшце паставілі скрозь віткі на полі, а скора ж разаруць, пабачыш, нанава межы, і тады зноў будзе як і даўней — кожны сваім дваром зажыве, кожны па сабе будзе. Словам, як і не было вашых дзесяці гадоў шчаслівага і заможнага жыцця!..

Так гаварыў тым часам Зазыбу — і як не ў самае вуха — Брава-Жыватоўскі, ідучы поплеч да крыніцы, дзе канаў у крывавай пене на тупкай лугавой сцежцы застрэлены лось. Чубар са свае сховы акурат убачыў тады паўзверх купчастага ядлоўцу: сапраўды, гэтыя два не спяшаліся бегчы, каб зірнуць, што раптам здарылася пасярод сухадолу; яны не паддаліся агульнаму настрою верамейкаўцаў, якія адразу пасля Рахімавага стрэлу сыпанулі з Паддубішча ўніз па схіле, — Брава-Жыватоўскі з Зазыбам ішлі, што завецца, нага за нагу, ажно здалёк нецярпліваму Чубару здавалася, што нават наўпрасткі пасля таго ўжо, як Брава-Жыватоўскі з Зазыбам збочылі з гуцянскай дарогі, яны ці не знарок падаўжалі сабе шлях, лішне старанна абмінаючы тыя папорканыя мясціны, дзе можна па нязграбнасці альбо спатыкнуцца аб сухую, пабітую мурашкамі купіну, альбо трапіць нагой у прыхаваную палявою травой выбоіну ці быдлячы капыт. І калі Зазыбава маруднасць Чубару была вядома — у гэтай непаспешнасці была сталая паважнасць, дарэчы, якая заўсёды чамусьці злавала Чубара, але якая ўсё ж адпавядала і паводзінам таго на кожны дзень, і рухам, і, нарэшце, што галоўнае, усёй Зазыбавай сутнасці як чалавека, то Брава-Жыватоўскага бачыць гэтакім жа было нязвычна, і, можа, перш за ўсё таму, што не было ніякага стасунку ў самой ягонай прысутнасці побач з Зазыбам, а тым больш ва ўзаемнасці, якая быццам ужо ўсталявалася паміж іх; ва ўсякім разе, у Чубаравай душы выгляд гэтай блізкасці раптам стварыў непрыемнае ўражанне, якое ў сваю чаргу выклікала раўнівае і помслівае пачуццё.

— Вядома, ён і калгас няроўны быў для ўсіх, — гаварыў Брава-Жыватоўскі, — як і ў жыцці што: аднаму бацька — другому той жа самы вотчым ужо, аднаму матка — другому мачыха. Гэта калі толькі пачыналі справу, дык на ўсю глотку крычалі: настае час усеагульнага дабрабыту ў мужыцкім раю. Адно — працуй, селянін. І селянін, паплакаўшы трохі на сваім загоне, з якім даводзілася развітвацца, ды і не трохі, а добра-ткі, першы ўзяўся быў за калгасную справу шчыра, а як пагаладаў адразу запар колькі гадоў, то зразумеў — не, у гэтым вашым котлішчы няйначай выпрастаеш к парогу ногі. Яны і бальшавікі твае, у каго розум, затым схамянуліся. Нездарма ж неўзабаве, у трыццаць пятым, увялі калгасны нэп. Нарэзалі прысядзібныя ўчасткі, кароў, авечак і ўсё такое іншае дазволілі трымаць, чаго раней не было. Гэта не важна, што палёгка тая не называлася калгасным нэпам. Важна — сутнасць сама. А сутнасць была ў тым, што разумныя людзі нарэшце скемілі — без прыватнай гаспадаркі ўсё роўна не падняцца пасля страшэннага голаду мужыкам, а значыць, не падняцца і ўсёй краіне, таму, як і пры Леніне, быў уведзены гэты калгасны нэп. Глядзіш, мужыкі зноў акрыялі трохі. А тады зноў камусьці засвярбела — як жа, каб у мужыка ды і кавалак хлеба не толькі на сённяшні, а і на заўтрашні дзень быў. Не памаглі на гэты раз і разумныя людзі. Бо самі ўжо недзе сабалёў пасвілі. І вось у трыццаць дзевятым абкладаюцца і соткі тыя прысядзібныя, і на карову падатак уводзіцца, і за свінчо трэба плаціць дзяржаве: калгаснікам таксама пачалі прыносіць квіткі таго ж самага колеру, што і аднаасобнікам. Можа, спадзяваліся, тыя адмовяцца і ад сотак, і ад каровы. Але не, мужык ужо гатовы быў апошнія порткі прадаць, каб заплаціць, абы не пазбавіцца гаспадаркі ўласнай, бо добра ж помніў, як было без яе ў трыццаць першым, і ў трыццаць другім, і ў трыццаць трэцім, ды, лічы, і трыццаць чацвёртым.