Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 8

Іван Чыгрынаў

Зазыба другі раз бачыў немцаў — тады, як вазіў у мястэчка Марылю, і вось цяпер. Але ў адрозненне ад першага разу сёння ён нават не спалохаўся, згледзеўшы іх. Здаецца, ні адна жылка не здрадзіла і не страпянулася ў ім. Халоднымі вачамі абвёў ён на захадзе па самым грэбні пазлацанае ўзвышша і са спакойным клопатам, як толькі здольны рабіць спрактыкаваны пастух са збродлівым статкам, пералічыў коннікаў. Немцаў было дзевяць, вядома, апрача тых, што ехалі ў бронеаўтамабілі. Але праз коўраты ўжо на гуцянскую дарогу выступала з вёскі цэлая вайсковая часць...

Зазыба чакаў, пакуль наблізяцца немцы, усё больш пранікаючыся тым, што адбывалася на яго вачах; ураўнаважанасць, можа, нават і сапраўды спакойнасць, з якой ён адкрыў для сябе блізкую прысутнасць немцаў, паступова пакідала яго, і ён самым звычайным чынам пачынаў хвалявацца: мусіць, настрой аднавяскоўцаў паступова перадаўся і яму. Як перад вялікім выпрабаваннем, Зазыба глянуў з невыразнай надзеяй па два бакі ад сябе. Справа, амаль прыхінуўшыся да яго пляча, стаяў і таксама не зводзіў палахліва здзіўленых вачэй з немцаў Парфён Вяршкоў. Ад таго, што поруч апынуўся менавіта гэты чалавек, зрабілася хораша на душы ў Зазыбы, вядома, у такой ступені, якую дазвалялі час і акалічнасці, але Зазыба схільны быў прызнаць, што якраз Вяршкова і спадзяваўся ён убачыць бліжэй за ўсіх. Прыкмеціў Зазыба ў натоўпе сярод баб і Марфу сваю. Гэта здзівіла ажно — не думалася, што і яна тут. Марфа стаяла трохі наўскасок і ззаду, але, здавалася, зусім не талопіла вочы, як іншыя, на немцаў, якія ўжо міналі крыніцу, нібыта ў душы яе перад імі не было страху. Позірк яе бліскучых вачэй быў скіраваны на мужа. У ім Зазыба прачытаў недаўменне, усё роўна як Марфа не разумела чагосьці і вось лавіла момант, каб дазнацца пра тое ад мужа. І яшчэ Зазыба ўбачыў — і гэта выклікала ўсмешку, якая хоць і не паспела адбіцца на твары, але пэўна што была недарэчнай: як хаваюць пад сябе квочкі ад спорнага дажджу ці небяспечнага коршуна куранят, так і верамейкаўскія бабы, жагнаючыся ў роспачы, гатовы былі ратаваць цяпер сваіх дачок, адно ставала б на тое андаракоў ды спадніц...