Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 5
Іван Чыгрынаў
Адлегласць да крыніцы з кожным крокам змяншалася.
Зазыбу з Брава-Жыватоўскім заставалася адно абмінуць невялічкую балацявіну, акурат сажалку ці звычайную копанку, каб трапіць на сцежку і па ёй ужо датупаць да вяскоўцаў, што стоўпіліся вакол сахатага.
Здавалася б, нізкае барвовае сонца (яно ўжо ледзь не кацілася па правым схіле верамейкаўскага кургана — бліжэй ды бліжэй к захаду), што высвечвала сухадол па ўсёй яго няроўнай, бы здзёртая звярыная шкура, шырыні, павінна было адпаведным чынам пафарбаваць і цёмна-зялёную атаву, якая недарасла да другога ўкосу, прынамсі, у самы звычайны, з надвячэрняй празалоццю колер, але наперадзе, якраз у прасцягу паміж крыніцай і лесам, сухадол быў акурат пасярэбраны, быццам там ужо выпала на ноч раса ці, наадварот, аднекуль выпаўз рэдкі, нясмелы туман, які цяпер, баючыся прыўзняцца і рассеяцца ў паветры, з усяе сілы чапляўся за вострыя, як у лясным змяёўніку, макаўкі кволай атавы.
Аглядаючы знаёмы краявід, Зазыба раптам адчуў шчымлівы неспакой у душы, які быў пакуль незразумелы нават самому — можа, той з’явіўся ад замілаванасці да ўсяго ўбачанага, што спярша зусім непрыкметна, бы ластаўчыным крылом, страпянула яму грудзі, а тады падступілася да сэрца нейкай амаль беспрычыннай малінавай журбой.
Перад тым як узысці нарэшце на торную сцежку, Брава-Жыватоўскі быццам спахапіўся, што не паспее сказаць усяго, і зноў пачаў гаварыць, але нават голасам даваў зразумець, што нядаўняга Зазыбавага намёку сапраўды не прымае і нічагусенькі не баіцца.
— Я разумею, ты злуешся, што я гавару гэтак, можаш не пярэчыць, усё роўна злуеш. У цябе сёння сапраўды кошкі на душы шкрабуць — калгас рушаць. Але ты думаеш, што ўва ўсіх таксама гэтыя твае кошкі на шлунку сядзяць? Памыляешся. У мяне вочы ёсць — рады верамейкаўцы, што назад бяруць усё. Здаецца ж, пажылі ў калгасе, паспыталі раю, а вось жа зноў у пекла спяшаюцца. Не глядзі, што Вяршкоў ці другі хто ва ўсім табе патрапляюць, робяць выгляд, быццам аб адным з табою дбаюць. У іх у галаве сваё, Зазыба. Яны сёння, як на тым вяселлі, аднымі вачамі на жаніха глядзяць, а другімі на нявесту, адны словы табе кажуць, а другія пры сабе трымаюць. Пра гэта сказала б табе нават зямля, каб гаварыць умела. О, колькі яна сённяшні дзень пабачыла радасных вачэй! Вунь бабы, якія схіліўшыся жнуць палосы, разумееш, зноў свае палосы, — дык якія ў іх вочы? Ты б пацікавіўся ды глянуў. А зямля ўсё бачыць. Гэта толькі мужыкі ды бабы не хочуць перад табой радасць паказаць. Можа, шкадуюць нават цябе з павагі, а можа, гэтак хітруюць. Праўду ўчора ты сказаў на праўленні...