Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 4
Іван Чыгрынаў
Вакол Верамеек наогул багата крыніц — адны выкапаны гаспадарлівымі людзьмі, якім выпала дзе працаваць працяглы час, адчуваючы смагу, другія самі выструменілі на паверхню з сярэдзіны зямлі. Ва ўсякім разе, куды б ні ішоў з Верамеек у не лішне далёкую дарогу чалавек, ён не браў з сабою біклажку, бо заўсёды меў магчымасць напіцца з блізкай крыніцы. Гэту крыніцу выкапаў захожы салдат, яшчэ калі быў у вёсцы прыгон, а ў войску — рэкрутчына. Салдат трапіў у Верамейкі, ідучы па дарозе з Унечы — вяртаўся з царовай службы ці то ў Маластоўку, якая была за трыццаць вёрст адсюль, ці то нават у Латоку. Пражыў ён у Верамейках... Але не. Якраз вось гэтага ніхто не захаваў у памяці. Вядома толькі, што ўпадабаў салдат сабе ў вёсцы кабету, чужую ўдаву, наняўся касіць ёй пожню, ну і, як бывае звычайна ў лагодзе ды згодзе, прыжыў малое. Але памяць аб сабе пакінуў у Верамейках не тым, а гэтай вось крыніцай. Дужа прыдалася яна верамейкаўцам, ажно пачалі з тае пары клапаціцца, каб не звёўся кволы струменьчык, вада якога была заўсёды халодная і смачная. Былі таксама спробы зрабіць крыніцу святой. Адзін год нават крыж ставілі побач мужыкі. Але нехта адгаварыў вёску — маўляў, салдат, які знайшоў гэту ваду, быў чалавек грэшны, дык навошта працу яго рук ператвараць у святую справу? Крыж занеслі назад у вёску, а крыніцу неўзабаве раскапалі шырэй і ўзялі ў дубовую кадушку, каб было яе на доўгія гады. Такім чынам, крыніца стала падобная на звычайную студню, з якой можна было ўранні чэрпаць вёдрамі ваду ўсім вясковым канцом. Але з вёдрамі сюды верамейкаўцы не хадзілі — не так блізка. З гэтай крыніцы пілі ваду тады, як касілі гарачым летам сухадол. Другім жа часам, крадком ад людзей, карысталіся ёю звяры — насельнікі недалёкага лесу. Сёння вось наталіць смагу ішлі гэтыя ласі...
Нарэшце Зазыба адвёў вочы ў бок ад вірлівага натоўпу, спыніў позірк ужо на самой крыніцы і прыгадаў нечага, як Чубар загадаў пазамінулым летам, каб калгаснікі пачысцілі дно. Яго абурыла, што крыніца заплыла пяском акурат па самае дупельца, прасвідраванае для сцёку лішняй вады, та таго ж, знутры сценкі кадушкі пабраліся травой-ліпучкай, накшталт водарасцяў ці нават звычайнай ціны, дзе хаваліся жабы-жарлянкі. Адным словам, у наяўнасці была, на яго думку, брыдкая безгаспадарлівасць, якая характарызавала верамейкаўцаў, самае лепшае, як дужа неахайных людзей — дзе ж гэта яшчэ дадуць, каб забрудзіўся калодзеж, і новы старшыня калгаса не прамінуў тыцкнуць Зазыбавых аднавяскоўцаў тварам у гразь. Ну, а сваволя горай няволі. Пачалі мужыкі раскопваць крыніцу, хоць і ведалі добра, што гэта небяспечна ёй: досыць няўмела патрывожыць верхні пласт намытага знізу пяску, як яна раптам пачынае чэзнуць, бо некуды прападае той пульсуючы ключ, што гоніць з глыбіні сцюдзёны струмень, і тады колькі ні шукай яго, калупаючы грунт рыдлёўкай, усё дарэмна, аж пакуль сам, праз багата часу, не выб’ецца зноў на паверхню. Гэтак здаралася з крыніцай двойчы — першы раз, калі стаўлялі дубовую кадушку, тады яна высахла на доўгае лета, толькі ўвосень неспадзявана напоўнілася вадой, спярша верамейкаўцам нават падумалася, што наліло яе дажджамі; другі раз — пасля таго, як мужыкі паспрабавалі пачысціць крыніцу, — кадушка заставалася без вады яшчэ надаўжэй, здаецца, ці не да наступнай вясны. Пазалетась верамейкаўцам таксама давялося насіць біклажкі з вадой сюды і ў касавіцу, і ў жніво. Мужыкі, вядома, пацвельваліся — і з новага, ды вельмі прыткага старшыні, і з саміх сябе, а верамейкаўскія бабы клялі, выціраючы пот, тых жа мужыкоў, што не адгаварылі Чубара...