Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 3
Іван Чыгрынаў
— Вядома, у цябе на душы, Зазыба, кошкі шкрабуць, — чоўп сабе Брава-Жыватоўскі, штораз, мусіць, проста дзеля забавы, шморгаючы сціснутымі пальцамі правай рукі — вялікім і ўказальным — па скураным, з аблезлаю жоўтаю фарбай рамяні бельгійскай вінтоўкі, якую ён нёс на плячы, кароткім ствалом уніз. — Як жа, пачалі раптам разбураць тое, што з тваёй дапамогай рабілася назаўсёды. Нездарма ж зямлю нават з дзяржаўнага карыстання не пашкадавалі перадаць на вечнае калгасам. А тут вось гэты немец! Як кажуць, чорт задумаў адно, а д’ябал узяў ды збунтаваў, нават невядома, з якой карты хадзіць, а каторую на казырную трымаць. — Брава-Жыватоўскі ўсміхнуўся — у яго маналогу ўсё выразней адчуваліся здзеклівыя ноткі, і голас яго паступова рабіўся злосны і нецярплівы, няйначай паліцэйскага раздражняла Зазыбава адмоўчванне, калі нават не абыякавасць; нарэшце Брава-Жыватоўскі ўспомніў, усё роўна як на ноч гледзячы, «чорта і д’ябла», якія бунтавалі карты, тады Зазыба раптам ачомаўся, быццам і папраўдзе толькі цяпер да канца сталі зразумелыя разважанні спадарожніка, задзірліва глянуў на верамейкаўскага прымака — нядаўна яшчэ асцярожнага і руплівага селяніна-калгасніка, а цяпер паліцэйскага-філосафа, і не менш задзірліва сказаў:
— Не кажы, Антон! — Яно б і грэх было Зазыбу не ўчапіцца за апошнія словы Брава-Жыватоўскага, сэнс якіх прагучаў няпэўна і нават дваяка. — Адмысловы гулёк заўсёды ведае, з якой карты калі хадзіць. Яго ні чорт, ні д’ябал не зблытае. Ты ж, гэта, мусіць, ні разу і не згуляў з нашымі мужыкамі ў карты?
Як у вялікім здзіўленні Брава-Жыватоўскі павярнуў галаву да Зазыбы, дапытліва прыжмурыўшы вочы, ажно стала відаць, як абапал іх пабралася дробнымі зморшчынамі скура.
— Не, — тым не менш проста і лёгка адказаў ён і яшчэ больш проста і лёгка спытаў: — А што? — мусіць, не надта здагадваючыся, чаму раптам Зазыбу, які маўчаў столькі часу і не адважваўся, а можа, і не хацеў пярэчыць яму, зацікавіла такая няважная акалічнасць.
— А тое, што яны б цябе пэўна ўжо навучылі, з якой карты калі хадзіць, а якую на казырную трымаць, — адказаў Зазыба і таксама дапытліва паглядзеў на паліцэйскага.
Той адчуў скрыты сэнс Зазыбавай гаворкі, на момант сумеўся, мусіць, шкадуючы, што гэтак неасцярожна падставіў сябе.
— Пражывём як-небудзь і без іхняй навукі, — сказаў Брава-Жыватоўскі і перасмыкнуў ад прыкрасці левай шчакой.
— Ну, ну...
Тым часам вакол забітага лася варушыўся натоўп — усе, хто памеў цікавасць паглядзець, якога звера застрэліў татарын. Зазыбу відаць было, як нечага ажно ныраў у натоўп і тут жа выныраў адтуль, быццам сапраўды даставаў дна, Мікіта Драніца, а рахункавод Падзерын стаяў ужо супраць Рахіма, даводзіў штосьці «паляўнічаму», тыцкаючы ў грудзі рукой; трохі зводдаль ад верамейкаўцаў стаяў Сілка Хрупчык — няйначай, гэтаму дужа цікава было, як па лузе падлеткі ганяліся за палахлівым ласянём, быццам ён, як спрактыкаваны хіжак, пільнаваў той хвіліны, калі і асірацелае ласяня, і яго мучыцелі выб’юцца з сіл, каб потым завалодаць ахвярай самому; нават Кузьма Прыбыткоў, з дубцом і на нядужых нагах-раскірэках, і той паспеў неяк апынуцца разам з іншымі верамейкаўцамі на сухадоле, мусіць, таксама прытупаў туды, падахвочаны цікавасцю. А ўсё гэта адбывалася непадалёку, можа, крокаў за семдзесят ад крыніцы, драўляная кадушка якой вытыркалася над зямлёй сваім краем гэтак высока, што яе відаць было простым вокам яшчэ ці не з гуцянскай дарогі.