Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 18
Іван Чыгрынаў
Лёс верамейкаўцаў, якіх раптам абступілі немцы ды пагналі пад канвоем у вёску, па-сапраўднаму ўсхваляваў Чубара. Аднак стаяць на месцы ды чакаць нечага тут ужо не мела ніякага сэнсу. Таму Чубар падаўся ў абход сухадолу. Ішоў берагам лесу, прыслухоўваўся, а ў душы было такое адчуванне і такая насцярожлівасць, усё роўна як нёс у сабе штосьці крохкае і дужа нетрывалае альбо пераходзіў над кручаю клявую кладку.
Па часе ўжо напэўна было, што немцы паспелі прагнаць захопленых верамейкаўцаў праз вясковыя коўраты. А гэта ў сваю чаргу азначала, што хутка мелася адбыцца і тое, дзеля чаго затрыманы і паведзены верамейкаўцы ў вёску.
Але з Верамеек ні стрэлу, ні дыму.
Быццам і міжволі, акурат само па сабе, аднак кіраваўся Чубар цяпер да калгаснай хаткі, што была збудавана некалі пад лупільню, — як падумалася раней пра яе, калі выйшаў на ўзлесак, так і засталося прытоенае жаданне на ўвеце, ва ўсякім разе, пакуль шуканне прытулку на першую ноч знаходжання ў забяседдзі не займала галавы. Стаяла хатка не лішне далёка, на сухім грудку, скрытая ад вёскі альховымі кустамі. Выходзіла, такім чынам, што лепшага месца для начлегу і знайсці нельга.
Унураны Чубар нарэшце абышоў краем лесу сухадол. Далей шлях ляжаў праз невялікае балота, дакладней, праз звычайны ўзбалотак, адрэзаны ад асноўнага багнавага абшару глыбокай канавай. Па гэтым узбалотку да хаткі-лупільні вяла пратаптаная сцежка, але не знарок туды, бо рабіць гэтага не было патрэбы якраз тут, таму што верамейкаўцы, калі здаралася, хадзілі ці ездзілі на тую грыву проста з вёскі; сцежку ж людзі прабілі праз балота, прастуючы з сухадолу да сіўцовых лагоў, дзе звеку ў верамейкаўцаў таксама быў пакос; тым часам пракапаная ўручную канава служыла адразу дзвюм немалаважным мэтам — сушыла ад іржавай вады з абодвух бакоў багну і аддзяляла калгасны масіў ад дзяржаўнага. Чубар заглыбіўся па сцежцы ў балотны зараснік, прайшоў так крокаў з паўтараста, тады збочыў направа і, скочыўшы цераз дрэнажнамежавую канаву, рушыў уздоўж яе, падмінаючы ботамі пасохлую тарфяную крошку. Абапал канавы буялі зараслі маліны, ажынніку. З вясны і да ранняе восені тут звычайна бывае птушынае царства. Цяпер птушаняты вывеліся ўжо, пакінулі гнёзды, але ўсё яшчэ не адляталі далёка, бо дзе ў другім месцы знойдзеш столькі ягад? Таму даволі было Чубару затупаць гучна і блізка, як птушынае царства адразу ўстрывожылася, занепакоілася прысутнасцю чалавека — спярша, зляцеўшы з куста ажыны, прарэзліва крыкнула жаўна, а за ёй залапаталі крыламі нейкія іншыя вялікія і малыя птушкі, і ўміг ажыло, забілася, запырхала ўсё ў гушчары. На тым кусце, з якога зляцела жаўна, было ажно густа ажыны, і Чубар, убачыўшы цёмна-чырвоныя ягады, не ўцярпеў, стаў абіраць іх, далікатна ціскаючы шчопацем грубых пальцаў і кідаючы па адной у рот. Ягады былі разам і салодкія, і кіслыя, ажно вінныя, таму хутка наталялі смагу. Але дзіва — ягады, да якіх гэтак прагна дапаў Чубар, разбудзілі голад. Раптам ён адчуў яго востра, амаль неадольна, таму неўзабаве гатовы быў нават пашкадаваць, што не прайшоў міма. Разам з тым, не ставала таксама духу і адмовіцца ад нечаканай спакусы, каб перастаць зрываць ажыну з куста — быццам і сапраўды ўпіўся яе даўкім, забрадзіўшым сокам.