Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 20
Іван Чыгрынаў
Але як яны там цяпер, у вёсцы? Чаго ад іх дамагаюцца немцы? «Канечне, я мог бы тады адцягнуць увагу немцаў на сябе, проста ўзяць ды стрэліць хоць бы па тым браневіку, што нейкі час заставаўся ля крыніцы адзін. Але ці памагло б такое заступніцтва верамейкаўцам? Хутчэй наадварот. Бадай, немцы вылучылі б з калоны яшчэ адну каманду, якая кінулася б праз сухадол прачэсваць лес. У выніку — ні шкоды немцам, ні карысці верамейкаўцам не прынёс бы сваім умяшаннем, а шуму дарэмна нарабіў бы. Ды добра яшчэ, калі б аднаго шуму!..»
Разважаючы так, Чубар раптам пачуў, як нехта скочыў зусім побач. Тупат быў слабы, акурат заечы, калі той, падняты з утульнага лежышча, спрабуе непрыкметна ўцячы ад небяспекі. Чубар крута азірнуўся — яму хапіла адно павярнуць галаву. Па гэты бок канавы, усяго крокаў за шэсць, растапырыўшы па-цялячы пярэднія ногі, стаяла ласяня. У цёмна-вішнёвых вачах яго Чубар выразна ўбачыў штосьці зусім праніклівае і даверлівае, ажно у грудзі раптам прыліла гарачая хваля, якая здараецца ў хвіліну неспадзяванай, нават нежаданай пяшчоты.
— Ах ты, беднае!.. — хутчэй падумаў, чым уголас выказаў Чубар, баючыся зрабіць лішняга руху.
Ласяня і без таго намучылася сёння, Чубар сам з’яўляўся сведкам ягоных пакут, таму нават неўзнарок адпужваць шкода было. І ён нейкі час стаяў нерухома, быццам апантаны, пакуль не пачала дубець павернутая шыя. Зразумела, што нязручную паставу неабходна было мяняць, бо доўга так, каб нават і вельмі хацеў Чубар, усё роўна не прастаяў бы. З другога боку, стаяць на балоце ды чакаць змроку яму таксама ніяк не выпадала. Таму ён астудзіў у сабе гарачую хвалю і адвярнуўся. Паціху, каб не рабіць дарэмна шуму, Чубар патупаў далей уздоўж канавы з упэўненасцю, што ласяня таксама патрапляе ззаду. Адзін раз яму нават здалося, што яно расчаравалася ісці ўслед і адстала. Але калі ён азірнуўся назад, каб пераканацца ў гэтым, ласяня па-ранейшаму тупала блізка, крокаў за дзесяць. Мусіць, яно баялася застацца першы раз адно ў цёмным лесе і Чубара ўспрыняла сваім жывёльным інстынктам за ратунак сабе, адчуўшы ў ягоным паглядзе спагаду, якая выклікала ў адказ давер.