Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 17
Іван Чыгрынаў
Каб не прамінуць чаго, Чубар ажно станавіўся на дыбачкі, высоўваючы галаву вышэй ядлоўцу, ужо не надта клапоцячыся нават, што стане для немцаў выпадковай мішэнню. Але вось калона, якая была спынілася на нейкі час, кранулася з месца і рушыла далей у ранейшым кірунку.
Праз колькі хвілін на гуцянскай дарозе ўжо стоўпіліся ледзь не ўсе верамейкаўцы — мужыкі і бабы, якія апынуліся паблізу і якіх можна было сагнаць у адзін гурт. Бронеаўтамабіль, што не паспеў далучыцца да асноўнай калоны, таксама павярнуў з сухадолу туды, да натоўпу вясковых людзей, і як толькі праехаў праз гэты натоўп, які расступіўся на абочыны, канвойныя — конныя немцы і два пешыя паліцэйскія — пагналі верамейкаўцаў да коўрат.
Але што здарылася? Чаму раптам успалашыліся гэтак немцы, убачыўшы каня з пустым сядлом? Няўжо хтосьці знайшоўся адважны ў Верамейках ды прыстукнуў адстаўшага гітлераўца? Разважаючы гэтак, Чубар нават перабраў у памяці сваёй, хто ў Верамейках здольны ёсць на такі ўчынак. Але, здаецца ж, усе верамейкаўскія мужчыны, якія заставаліся ў вёсцы ад мабілізацый, прысутнічалі тут, на сухадоле. Хоць, вядома, магло выйсці іначай. Нечага ж вось апынуўся ў Верамейках Брава-Жыватоўскі!..
Між тым, хутка гуцянская дарога апусцела з двух канцоў — нямецкая калона схавалася за пагоркам, а верамейкаўскі натоўп таксама знік з вачэй, няйначай, падыходзіў ужо недзе да коўрат. І раптам у тым баку, каля Верамеек, грымнуў вінтовачны стрэл. Хоць вялікай нечаканасці ў гэтым не было, бо не так жа сабе немцы пагналі ў вёску людзей, няйначай, была на тое прычына, аднак, пачуўшы яго, Чубар ажно здрыгануўся. Але стрэл атрымаўся адзінокі, усё роўна як выпадковы, і больш не паўтараўся. І, тым не менш, у Чубара пасля гэтага, няхай нават выпадковага, стрэлу з’явілася адчуванне, нібыта ён трапіў у іншае фізічнае асяроддзе, чым тое, у якім знаходзіўся дасюль.
На гуцянскай дарозе тым часам асядаў пыл, узняты нядаўнім рухам па ёй.
Сонца, што надта доўга, нават нязвычна доўга — ці то ў паслугу, ці то ў здраду тутэйшым людзям — ляжала на правым схіле верамейкаўскага кургана, нарэшце не ўтрымалася на ім і скацілася па той бок яго, абдаўшы небасхіл кароткімі бліскаўкамі промняў, нібыта па ім, па самым распаленым абадку, грукнуў хтосьці нябачным молатам. Неба над сухадолам пацямнела на момант. Але гэтага часу хапіла аж, каб і луг насупраць, і гарбатае поле з зялёным бульбоўнікам туды далей, за крыніцай, і жытнёвы палетак на схіле кургана, устаўлены скрозь ужо мэндлікамі, ахутаў прыцемак. Тады ўвачавідкі зноў пасвятлела. А вакол белай аблачыны, што вытыркала з-за кургана ліштвяную шапку сваю, заззяў ледзь не ўсімі колерамі вясёлкі шырокі беражок. Усё ў тым баку неба стала рэльефным, выразным, быццам толькі што праявілася пад уздзеяннем хімічных рэактываў. З поля дыхнула на пахаладнелы і заценены луг цёплым паветрам, запахла ядлоўцам, акурат тады, як паляць калючыя хваінкі яго на вогнішчы. І чамусьці толькі цяпер, ужо над самы вечар, зрабілася выразна адчувальнай таксама і спякотлівая гаркавасць, што стаяла ва ўсім вялікім тутэйшым наваколлі круглы дзень.