Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 16
Іван Чыгрынаў
Чубару з-за ядлоўцавых кустоў відаць было, як мітусіўся там разам з немцамі Брава-Жыватоўскі, памагаў ім зганяць у адно сваіх вяскоўцаў. Ад яго, здавалася, ні на крок не адставаў і той незнаёмы, што застрэліў сахатага. «Значыць, Брава-Жыватоўскі стаў паліцаем!» — нарэшце скеміў Чубар, бо іначай нельга было растлумачыць тое, што ён робіць цяпер вось, як нельга было растлумачыць іншым і тое, што Брава-Жыватоўскі адкрыта насіў пры сабе вінтоўку. «А хто ж гэты?» — кінуўся ў думках Чубар, маючы на ўвазе татарына Рахіма. Але дарэмна. Чалавек быў сапраўды незнаёмы. «Мусіць, прыцёгся аднекуль у Верамейкі разам з Брава-Жыватоўскім», — адзначыў для сябе Чубар, памыляючыся толькі ў адным — Рахіма якраз прывёў у вёску не Брава-Жыватоўскі, а Раман Сёмачкін. Калі б адкрыццё гэтае Чубар зрабіў другім разам, а не цяпер, то і рэагаваў бы на такую акалічнасць хутчэй за ўсё па-іншаму. Цяпер жа ён толькі адзначыў для сябе гэтую акалічнасць як факт, які трэба мець у памяці.