Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 19

Іван Чыгрынаў

Між тым, ужо край было па часе ісці далей, бо на балоце, пад навіссю ракітавых і альховых кустоў, упрыкмет плавала сутонне. Збіраючыся ў думках працягваць шлях, Чубар заклапочана выцер пальцы аб лісце ажынніку, усё роўна як не хацеў, каб заставаліся запэцканыя, тады, у дадатак, свядома правёў імі яшчэ па мяккім крысе сваёй плісавай «талстоўкі», якая даўно ўжо служыла не толькі аднаму прызначэнню. Зноў чамусьці прыгадаліся спадарожнікі. Тое, што Хоня Сыркін з сынамі не натрапіў пакуль на немцаў, не пакідала сумнення. Чубар жа быў сведкам, як калона прамінула дарогу, што адгаліноўвалася на Мялёк. Цяпер Чубар нарэшце зразумеў, як не стае яму былых спадарожнікаў, нягледзячы, што Хоня, пакуль яны дабіраліся сюды, часта выклікаў непрыязнасць, нават прымушаў злавацца — сваёй прыгнечанасцю, нейкім задзірлівым рабалепствам: скажа слова, якое павінна нібыта дагаджаць, а тады дае зразумець альбо выразам твару, альбо проста рухам якім, што ў яго ўсё вымушанае, дзеля аднае хітрасці і вымаўлена. Затое Чубар за дарогу ўпадабаў Хоніных хлопцаў, разумных і далікатных, якія чамусьці больш трымаліся чужога чалавека, чым бацькі. Чубару нават прыходзіла думка, што хлопцы ў нечым не даравалі бацьку матчыну смерць у тым незнаёмым млыне, дзе давялося правесці ў жахлівым чаканні нямала дзён і начэй. Як бы там ні было, але Чубар не стаў залішне цікавіцца ды распытваць, няйначай, шкадуючы ўсіх іх — дзяцей і бацьку.

Памагаючы рукамі, Чубар працярэбіўся скрозь ажынавы зараснік, зноў выйшаў да канавы. Тут, па правы бок ад яе, адкрылася вачам вялікая купіна, парослая белым мохам, шматступеньчатым парудзелым хвашчом, лапушыстымі пеўнікамі з цёмна-чырвонымі, як у цецерукоў, шышкамі і дымчатым, нібыта ў тумане, чаротам, паміж мятліцамі якога чарнелі палопаўшыя таўкачыкі. З таго ж боку, але паўз самую канаву, была выкашана ладная прагаліна асакі, якая так і засталася ляжаць нязгрэбенай — ці то махнуў хто знарок рукой, упэўніўшыся, што сёлета і без яе незабароненай травы будзе гібель, абы касіў, альбо, наадварот, чалавека, які шчытна махаў тут касой, не было цяпер у вёсцы. Казалі, што некалі замест гэтай купіны бурчала тут балотным газам так званае чортава акно, якое ўтварылася пасля таго, як глыбока, на некалькі сажняў уніз, выгарала тарфяное нутро. Праўда, сведкаў даўняга пажару ў Верамейках ад таго часу не засталося, паўміралі ўсе, аднак пагалас жыў. Расказвалі таксама, што на купіне гэтай водзяцца сапраўдныя арлы. Чубару ажно заманулася ў адно лета пацікаваць за імі. Аднак дарэмна — прыйшоўшы ўпотай сюды, ён проста марна патраціў час, бо ніводнай вялікай птушкі, якая б хоць зводдаль нагадвала арла, не ўбачыў. Расчараваны, старшыня пасмяяўся быў з гэтага пры Кузьме Прыбытковым. Той усміхнуўся ў адказ паблажліва — маўляў, гавораць жа людзі... Але ў Верамейках наогул шмат пра якія рэчы разважалі, сказаць проста, залішне сур’ёзна. Напрыклад, папраўдзе сцвярджалі, што адсюль не лятаюць у вырай ластаўкі, нібыта яны зімуюць у нейкіх пячурках на дне Цяменскага возера, за вярсту ад вёскі... Прыгадваючы цяпер пра ўсё гэта, Чубар нечакана зразумеў, што думае ён пра верамейкаўцаў не столькі з бяскрыўднай паблажлівасцю, колькі з нейкай чуллівай любасцю — бадай, гэта было ў яго практыцы, у яго адносінах да іх зусім новае пачуццё, якога ён дасюль, вось так акрэслена, яшчэ не ведаў.