Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 15

Іван Чыгрынаў

Галава нямецкай калоны тым часам успаўзала на пагорак, за якім прападаў з вачэй бальшак. Пільна, акурат выглядваючы знаёмых, Чубар прасачыў калону з канца ў канец. Яна складалася з артылерыі, пяхоты і коннікаў. Спярша, на чале калоны, рухаліся тры лёгкія гарматы, на зарадных скрынях якіх спераду сядзелі ездавыя і кіравалі за лейцы коньмі. Затым тупалі пешыя, збіваючы з дарогі на абочыны, парослыя ўчэпістай муравой і разлеглым трыпутнікам, пыл. Кавалерыя трымалася ззаду, яна чамусьці трохі адставала, утвараючы невялікі прагал у калоне, можа, якраз таму, што лёгка магла дагнаць усіх, хто рухаўся наперадзе. У нейкім прамежку, калі наогул не ў канцы калоны, павінен быў заняць сваё месца і бронеаўтамабіль. Але гэтага навідавоку не здарылася. Раптам адбылася нейкая затрымка ў калоне, штосьці занепакоіла немцаў. Чубар заўважыў, як спынілася ўся калона і некалькі коннікаў памчалі з канца ў канец яе, ці то аддаючы каманды, ці то разносячы іх. Тады Чубар і сам насцярожана кінуў позірк вакол калоны, абвёў вачамі і сухадол, наколькі льга было адсюль бачыць па баках, і жытнёвы схіл на кургане, і дарогу з Мялька. Здавалася, нічога падазронага, што б магло ўстрывожыць немцаў, нават і блізка не было. Між тым, гэта не так. Па дарозе з Верамеек, ужо ўніз, паспяшаў конь — пад сядлом, але без чалавека. Па ўсім было відаць, што конь даганяў калону. Льга было меркаваць, вядома, па-ўсякаму: і што ён, будучы запасным, недзе адарваўся, адлучыўся ў шкоду, і што... Хоць з другога боку падобныя здагадкі не маглі мець падставы ўжо нават з тае прычыны, што конь усё-такі быў кавалерыйскі, значыць, прывучаны да пэўнага парадку. Ды і губляцца доўга ў такіх развагах не варта было, бо далей здарылася якраз тое, што само ўжо наводзіла на пэўную яснасць. Няйначай, штосьці здарылася з седаком. Але дзе? Ад калоны аддзялілася група коннікаў, можа, цалкам якое падраздзяленне, і павярнула коней назад у Верамейкі. А яшчэ адна група коннікаў, раз’ехаўшыся па полі і сухадолу, пачала зганяць адусюль к дарозе верамейкаўцаў.