Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 14

Іван Чыгрынаў

Нездарма кажуць, на чужым возе едзь ды аглядайся на заднія колы.

Бабы, нібыта прысаромленыя тым, што мужыкоў немец пабіў, пачалі скоранька разыходзіцца ад крыніцы: хто спяшаўся назад у Паддубішча, дзе яшчэ да змяркання можна было ўхапіць сярпом сноп-другі, а то большасць падавалася па сцежцы ў вёску.

Мужыкі, між тым, яшчэ пастаялі колькі на месцы, як водзіцца, пагаманілі, каб болей не наганяць адзін аднаму панікі.

Парфён Вяршкоў, які ўвесь гэты час трымаўся ў натоўпе Зазыбы, неяк зусім па-будзённаму, быццам з вялікай утомы, спытаў:

— Ці можна ж яго хоць есці? — І паказаў на сахатага, пра якога, няйначай, верамейкаўцы нарэшце забылі, здавалася, яго нават абыходзіла тое, што блізка былі немцы — адно павярні галаву і ўбачыш на гуцянскай дарозе.

— Дык чаму ж не, раз звычайная жывёліна, — адказаў лагодна Зазыба, знарок патрапляючы ў тон Вяршкову.

— А раптам і ў зуб не ўвяжаш?

— Вось ты пра што! Ведаеш, як пра той мёд кажуць: будзь, мядок, ні горкі, ні салодкі: салодкі будзеш — пражруць, а горкі — праплююць. Так і ласёва мяса. Бацька мой некалі дзіка ўходаў сякерай. Ішоў паўз возера, што ля Зацішша, а той і кінуўся на яго знянацку. Кажуць, ні воўк, ні дзік дарэмна не кідаюцца на чалавека, а гэты...

— Дык, можа, хто патрывожыў да таго?

— Можа. Але я не пра тое. Маці мая, нябожчыца, помню, моршчыцца ды мала не плюецца. Кажа, смярдзець будзе, выверне пасля вантробы, як з’ясі калі скварку. А бацька не паслухаўся, прывёз употай дзіка на саначках дамоў, абсмаліў за пуняй ды ў кубел. Хапіла пасля ўволю есці на ўсю зіму, ці не да самага другога Міколы раскашавалі. Звалі і сватоў, і браценнікаў, і кума.

— Значыць, і етага ўпарадкаваць можна?

— А чаму ж не!

— Тады загадвай во — зараз на якія драбіны ўзвалім ды на двор, злашча што лета.

— Ат, — махнуў рукой Зазыба, — не мы з табой забівалі лася гэтага, не нам і мяса яго спажываць. Шкада вось толькі малога. Мусіць жа, адзін, небарака, застаўся. Прыйшоў аднекуль да нас, ратуючыся, а цяпер будзе нудзіцца. Прападзе дарма.

— Прападзе, прападзе!

— Гэта ж трэба было ісці сюды, каб кінуцца ў вочы татарыну...

— А з таго во цяпера, як з гуся вады.

— Дык гарбатага ж да сцяны не паставіш.

— Праўду кажаш, Дзяніс, — паківаў галавой Парфён Вяршкоў і неяк светла, як у самую скруху, глянуў на Зазыбу, а тады ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку.

III

Нарэшце сонца перастала сляпіць Чубару вочы — зрабілася як зімовае, у самую піліпаўку, і ён мог вольна, зусім не жмурачыся, глядзець на ўсё, што рабілася і пасярод сухадолу ля верамейкаўскай крыніцы, і на жытнёвым полі, і на дарозе, якая вяла з Верамеек у Гутку, звычайную для забяседдзя вёску двароў на пяцьдзесят, што ляжала пры так званым кацярынінскім бальшаку.

Але Чубару, тым не менш, не ўдавалася пранікнуць зрокам у сярэдзіну людскога натоўпу, каб зразумець, што адбывалася каля забітага лася, бо верамейкаўцы засцілі ўсё там сваімі рухавымі постацямі. Ён добра бачыў толькі, як дамчалі туды, гойдаючыся ў сёдлах, нямецкія коннікі, пасля да ўтарапелага натоўпу пад’ехаў бронеаўтамабіль, а ўжо затым адзін з коннікаў гупнуўся з сядла на зямлю і рушыў праз натоўп да забітага лася... Тым часам гуцянская дарога была перад Чубаравымі вачамі як на далоні — агінаючы па самым схіле верамейкаўскі курган, яна выпроствалася паводле сухадолу і неўзабаве знікала за наступным пагоркам, нагадваючы там аб сабе ўжо аднымі прысадамі. Зусім блізка адгаліноўвалася ад яе другая дарога, шмат вузейшая і голая ў абапал; простай лініяй яна прасякала скрозь сухадол, амаль паўз самы лес, знікаючы за мысам. Гэтая вяла таксама ў недалёкую вёску, Мялёк. Дакладней, то была не сама вёска, толькі невялікі пасёлак, двароў, можа, на дваццаць, які разам з двума іншымі такімі пасёлкамі — Гарадком і Гразіўцам — утвараў новае паселішча, што гадоў дзесяць назад, ужо за калгасам, атрымала агульную назву. Недзе з Мялька і павінен быў выйсці на сухадол бабінавіцкі Хоня з сынамі-падлеткамі. Аднак Чубаравы спадарожнікі чамусьці пазніліся, можа, селі адпачыць дзе на травяны грудок за тым зялёным мысам, калі, вядома, не павярнулі таксама, як і ён, куды на другую таемную сцежку. Якраз гэтага Чубару і хацелася цяпер, бо тады б Хоня ўжо напэўна не выйшаў на немцаў, што рухаліся па гуцянскай дарозе. Але вось натоўп ля крыніцы зноў быццам узвіхурыўся, раздаўся на бакі. З сярэдзіны яго нарэшце выйшаў той коннік, што злазіў з сядла, каб паглядзець на забітага лася. Ён яшчэ не паставіў нагу нанава ў стрэмя, як раптам пачулася — нечага загалёкалі ля крыніцы іншыя немцы, а яшчэ праз момант стала відаць, як скочыла, нібыта пырхнула панізоваю птушкай, да ўзлеску асірацелае ласяня. Імчала небарака напрасткі, нават не патрапляючы на сцежку, па якой зусім нядаўна вёў яго на вадапой лось, але, тым не менш, цаляла да таго месца, адкуль вынырала з лесу на сухадол сцежка — гэта блізка, усяго крокаў за дзесяць да Чубара. Хвалюючыся і жадаючы ўдачы звярку, Чубар адным часам не спускаў вачэй і з таго, што заставалася на другім плане, гэта значыць, з верамейкаўскага натоўпу, дзе ўсё яшчэ ўзвышаліся на конях немцы. Таму для Чубара не магло застацца незаўважаным, як той-сёй з немцаў пачаў ускідваць на ўзровень вачэй карабіны, беручы на мушку ласяня. Гэта ажно кальнула Чубару ў грудзі, спярша са страху за ласяня, якое магло загінуць ад стрэлу, а пасля і ад усведамлення небяспекі, якой падвяргаўся сам, бо страляць кожны немец мусіць адтуль — насупраць, і ядловец, за якім хаваўся Чубар, не мог стаць перашкодай, затрымаць кулі. У момант, які наўрад ці вымераць, вераемнасць небяспекі гэтай зрабілася настолькі выразнай, што Чубар нават не ўпаў у здранцвенне, якое на нейкі час, няхай самы кароткі, звычайна замаруджвае альбо яснасць думкі, альбо рухі. Інстынкт самазахавання, які за дарогу сюды абвастрыў успрыманне акаляючага, пачынаючы з людзей і канчаючы прадметамі і рэчамі, тут жа кінуў яго ніцма, як штосьці амаль нежывое і цяжкае, ажно здрыганулася тупкая тарфянікавая глеба. Але хутка здалося, што і гэтага мала для ратунку. Чакаючы стрэлаў, Чубар вобмацкам споўз у нейкую распадзіну злева, акурат у пролежань ці невялікае логава. Ды ніводнага стрэлу не пачулася. А неўзабаве і галёканне сціхла на сухадоле. Выходзіла, што дарэмна Чубар падаў на зямлю і ляжаў у гэтай распадзіне, бы напяты. Акурат прысаромлены, ён усё роўна як з неахвотаю падняўся з распадзіны, атрэпаў каленкі незанятай рукой і ўжо затым асцярожна глянуў паўзверх ядлоўцу на сухадол. Ласяня на лузе не было. Няйначай, паспела забегчы ў лес. Верамейкаўцы таксама не засталіся на месцы, памалу разыходзіліся ад крыніцы, беручыся ўгору, а коннікі дык тыя і зусім ужо гарцавалі блізка ля бальшака, маючы намер далучыцца да ўсёй калоны. Услед ім чадзіў бронеаўтамабіль.