Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 13
Іван Чыгрынаў
Утрапёнасць з верамейкаўцаў пачала зыходзіць хутка, яшчэ ці паспелі дамчаць да дарогі коннікі і ўліцца ў калону, можа, якраз таму, што ўвогуле нічога жахлівага не здарылася ў выніку гэтага раптоўнага наскоку немцаў — ну, наляцелі аднекуль, ну, папалохалі трохі, нават Брава-Жыватоўскі з Драніцам адведалі плёткі (урэшце, так ім і трэба!), аднак ні гвалту, ні грабяжу не ўчынілі.
Праўда, ніхто з прысутных тут не ведаў, што акупанты паспелі нарабіць у самой вёсцы. Але пра тое пакуль не думалася, бо свежае і дзіўнае, ва ўсякім разе, неспадзяванае было ўражанне ад першай сустрэчы з немцамі, і нейкі час, хвіліны, можа, тры ці чатыры, усе верамейкаўцы, што сабраліся каля крыніцы, яшчэ не дыхалі на поўныя грудзі, ці то жагналіся са старой прывычкі — хвала богу, за агонь не ўхапіліся, ці то знарок гучна кашлялі, усё роўна як адхарквалі з горла дарожны пыл.
Першы падаў выразны голас Брава-Жыватоўскі — адлупцаваны паліцэйскі раптам пачаў плявацца ды крычаць наўздагон коннікам:
— Вы яшчэ мяне папомніце! — Пры гэтым ён меў на ўвазе аднаго обер-лейтэнанта, які сперазаў яго плёткай. — Вось я дакладу каменданту, ён і пад зямлёй вас усіх знойдзе. Будзеце яшчэ адказ трымаць за самаўпраўства!
Вядома, у душы Брава-Жыватоўскі не вельмі спадзяваўся, што бабінавіцкі камендант пакарае некалі афіцэра — шукай ветру ў полі! — і тым самым дапаможа яму хоць нейкім чынам зноў стаць самім сабой у вачах аднавяскоўцаў, таму і першыя словы і апошнія крычаў ад крыўды, бездапаможнай злосці і ўсё цалкам дзеля мужыкоў ды баб, ажно Кузьма Прыбыткоў не сцярпеў, адчуўшы фальшывую і зусім недарэчную ягоную ўзбуранасць, сказаў насмешліва:
— Дак ета, Антон, яшчэ паглядзець трэба. Бачыў, колькі ў етага цыбатага, што цябе так з Мікітам, бачыў, нашывак у яго залатых ды сярэбраных колькі? Увесь жа блішчаў, акурат як пасудзіна тая, што пяском націраюць к абеду. — Стары яўна перабольшваў — нямецкі кавалерыйскі фрэнч з бакавымі кішэнямі (нагрудныя зусім адсутнічалі) не меў асаблівага фацэту і каляровых нашывак на ім было не багата; калі не лічыць маленькіх пагонаў на плячах ды цёмна-зялёных пятліц на адкладным каўняры з сярэбранымі галунамі, дык гэта крылаты жоўты арол на грудзях, які трымаў у кіпцюрах свастыку, ды знак прыналежнасці да роду войск на рукаве ў выглядзе падаючых сярэбраных стрэл. — Дак ты думаеш, ён меншы начальнік за твайго каменданта?
Мікіта Драніца тым часам хваліўся рахункаводу Падзерыну:
— Мне, як тэй таго, ужо кія хоць і не паказвай. Я адразу бачу, што к чаму. Гавару ета з ім, як тэй таго, па-іхняму і адразу чую — недавольны немец. Ажно прышчыкі на твары гараць. Вось-вось, як тэй таго, пачне лупцаваць. Ну, я і крутануўся. Затое вывернуўся, як тэй таго. А ён трошкі па мне, а то ўсё па махноўцу етаму.
— Чаму па махноўцу?
— Дак ты, як тэй таго, можа, яшчэ не чуў?
— Не.
— Дак пачуеш. Бач, як тэй таго, учора хвастаў Жыватоўшчык, што Махнову служыў.
Мікіту ўсё роўна як лягчэй было адчуваць сябе перад людзьмі, што папала не аднаму яму. Да таго ж, ён разумеў таксама — яго ганьба сёння куды меншая, чым Брава-Жыватоўскага... Выходзіць, свой свайго не пазнаў!