Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 12
Іван Чыгрынаў
— Варум, як тэй таго, варум, — пачаў паўтараць нарэшце Драніца.
— Вас?2 — спытаўся нейкім віхлястым і танклявым голасам афіцэр.
— Вас, вас, як тэй таго, — пераняў адразу Драніца і ўзрадаваўся: яму край як трэба было на вачах у аднавяскоўцаў вытрымаць ролю перакладчыка — няхай абы выгляд размовы, каб унікнуць на гады наперад іхняга рогату, бо на чужы рот гузіка не нашыеш.
Але афіцэру аднаго пераймання было замала, больш таго, у вуснах вясковага ёлупа, якога падсунуў яму чырванаморды вярзіла-паліцэйскі, яно здалося здзеклівым, і наогул нібыта ўсё тут рабілася назнарок, разыгрывалася ўнасмешку; такім чынам льга было ўзбурыцца ўжо праз адно гэта, а калі ўлічыць яшчэ забітага лася, то і зусім мужыкам не варта было чакаць літасці. Урэшце, так яно і выйшла: раптам афіцэр спрытным рухам, быццам з-пад маланкі, сцебануў плёткай па карку Мікіту Драніцу, а тады навотліў і таксама неяк у адзін кароткі міг сперазаў, цаляючы цераз лоб, Брава-Жыватоўскага, уклаўшы ў гэты апошні ўдар, бадай, больш пагарды, чым нянавісці. У натоўпе, бачачы гэта, нехта віснуў, мусіць жанчына, і волкі халадок вячэрнім інеем палез за каўнер багата каму з верамейкаўцаў — а што, калі раз'юшаны немец не спыніцца на Драніцы з Брава-Жыватоўскім ды пачне перабіраць плёткай астатніх, дастаючы з кожнага гізунты? Але дарэмна мужыкі непакоіліся. Афіцэру хапіла двух чалавек, каб спагнаць злосць. Пад рогат коннікаў, якім відаць было зверху ўсё, што адбылося паміж іх обер-лейтэнантам і сялянамі, ён, як пакусаны дзік, рушыў па тым жа жывым калідоры назад да каня, нават не заўважаючы, што калідор за гэты час ажно пашырэў. Верамейкаўцы туліліся адзін да аднаго, кідаючы палахлівыя позіркі: ці не кожны чакаў яшчэ горшай для сябе хвіліны. Аднак афіцэр мірна дакрочыў да каня, узяўся рукой за стрэмя. Ён ужо гатовы быў скочыць на сядло, як убачыў ласяня, якое наблізілася да таго месца, дзе ляжаў на сцежцы заслонены натоўпам сахаты. Мусіць, ласяня не пакідала надзеі, што сахаты неяк стане на ногі, здолее вырвацца на волю праз людзей. Афіцэр нешта сказаў салдатам, паказваючы плёткай на ласяня. Тады адзін коннік загалёкаў раптам маладым, зычным голасам на ўвесь сухадол, аж пакуль спуджанае трапяткое ласяня не памчала, як вокам зглянуць (здавалася, яно зямлі нават не дакраналася), да лесу — гэтым шляхам ужо даводзілася ратавацца ад вясковых хлапчукоў. Верамейкаўцаў яшчэ больш злякнула — зараз немцы пагоняцца на конях за асірацелым звярком альбо ўшчануць пальбу з карабінаў наўздагон, але ні першага, ні другога тыя чамусьці не сталі рабіць, адно пагалёкалі ў хлапечым азарце з хвіліну, нечага забаўна ім было, як уцякала па сухадолу ласяня, пасля павярнулі коней і, поркаючы пад заднія пахі шпорамі, скіравалі іх наўскач па ўзмежку да гуцянскай дарогі, па якой рухалася з Верамеек у конным страі вайсковая часць. Бронеаўтамабіль таксама загурчаў, пускаючы пад гумовыя колы сіні кучомісты дым, — пакуль запылены «Хорх» стаяў ды астываў тут, з яго так і не вылез ніводзін немец.