Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 11

Іван Чыгрынаў

— Растлумач па-іхняму пану афіцэру!

— Дык што, як тэй таго, тлумачыць трэба?

— Ну, што я гэта ім... што мы ўсе вось, хто тут ёсць, гэтага лася...

Можа, дзеля таго каб пачуць Брава-Жыватоўскага дакладна, верамейкаўцы раптам заварушыліся ўсім натоўпам і зноў, бы авечкі ў статку, пачалі цясніць адзін аднаго, прапускаючы смялейшых бліжэй да гамонкі.

— От жа народ! — незалюбіў гэтай цікаўнасці Брава-Жыватоўскі і апёк вачамі вяскоўцаў, каб неяк асадзіць тых.

А Мікіта тым часам стаяў побач як апараны: па-першае, ён так і не пачуў усяго ад Брава-Жыватоўскага, што павінен быў сказаць афіцэру, па-другое, раптам вылецелі з галавы патрэбныя нямецкія словы. Небарака сіліўся хоць трохі прасеяць іх праз сваю думку, але дарэмна. Кожны раз чамусьці на памяць прыходзіла адна і тая ж напаўзабытая прыпеўка, у якой невядома чаму з’явілася чужое слова «варум»1. «...Варум ты не прыйшоў?» — пыталася ў хлопца дзяўчына і чула ў адказ: «Матка лямпу патушыла, а я лапці не знайшоў». Раптоўнае выгасанне памяці пагражала кепска абярнуцца для Мікіты Драніцы. Але як напраўду, то гэтае выгасанне не стала б прычынай, бо ўсё роўна Мікіта няздольны быў ператлумачыць на нямецкую мову тое, чаго жадаў Брава-Жыватоўскі: хоць і нахапаўся некалі чалавек слоў ад свайго цесця, аднак звязаць адно з адным ён не ўмеў, проста яны запаміналіся яму без усялякай прычыннай сувязі. Між тым, Брава-Жыватоўскі не разумеў, чаму Драніца стаў кешкацца, і гэта ўкалола яго нядобрым адчуваннем. Ён неяк няверліва пераводзіў позірк з Мікіты на афіцэра і наадварот, і ад яго не магло схавацца, як цень клаўся на вочы ў таго, і яны ўжо былі не толькі прыжмураныя, але і лютыя. Паліцэйскі бачыў: вось-вось можа сыпануцца — няйначай, на яго ж, а не на каго іншага — уся афіцэрава помста... Тады ён кінуўся ратаваць становішча.

— Гэты чалавек ведае па-вашаму, — пачаў даводзіць ён афіцэру, ставячы паміж сабой і ім Мікіту Драніцу і паказваючы на пальцах нешта такое, чаго, бадай, і сам не разумеў. — Ну, гавары! — піхнуў ён Мікіту.

— Дык што?

— Ну, пра тое, што мы гэтага лася забілі знарок, каб сустрэць пачастункам прадстаўнікоў новай улады, словам, скажы яму, што гэта наш прэзент доблеснай германскай арміі.

Драніца кіўнуў паліцэйскаму сплюснутай галавой, быццам спалохаўся, што не ўсё запомніць з гэтага і таму папярэджвае, каб той гаварыў яму не адразу, а па частках, тады зняў шапку і скланіўся немцу. На твары яго сапраўды была адзнака пільнай заўзятасці. Але ў галаве стаяла ранейшая атупеласць, і нічога, апроч недарэчнай вясковай прыпеўкі з нямецкім словам «варум», не прыгадвалася.