Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 10

Іван Чыгрынаў

— Пан афіцэр, — пачаў ён як не сваім голасам, ажно было з чаго падзівіцца верамейкаўцам, — гэта вам... вам ад нас вось... Гэта прэзент доблеснай германскай арміі ад сялян...

Брава-Жыватоўскі акурат выбраў, з чым найперш звярнуцца да нямецкага афіцэра, шчыра думаючы, што сваім паднашэннем выкліча, як у таго міфічнага бога, прыхільнасць, але ён не мог улічыць, што ў гэтага даўганогага і вугратага заваёўніка апрача пагарды, прасякнутай усведамленнем сваёй вышэйшасці, раптам зварухнулася ў душы звычайная паляўнічая зайздрасць, нездарма ж ён з’яўляўся да вайны раённым кіраўніком прускага таварыства аматараў прыроды і палявання. Калі загаварыў Брава-Жыватоўскі, паказваючы на нежывога лася, афіцэр зрабіў пакутлівы твар, усё роўна як недавольны стаў, што раптам адарвалі ад прыемнага сузірання; вочы яго нібы патанулі ў прадонні арбіт, схаваліся па самыя зрэнкі пад вадзяністымі павекамі. Афіцэр яўна пачаў злаваць, бо, мусіць, дужа лёгкі, акурат недарослы, быў на злосць, а там ужо, такім чынам, і на ўсё астатняе. Але Брава-Жыватоўскаму пакуль было няўцям. Паліцэйскі толькі падумаў, што немец не разумее ягоных слоў, таму ён адразу павярнуўся да верамейкаўцаў, каб адшукаць у натоўпе Мікіту Драніцу і ўжо з дапамогай таго даводзіць перад афіцэрам свой дабрачынны намер. Мікіта нагадзіўся на вочы хутка — яны з Сілкам Хрупчыкам стаялі амаль на праходзе, быццам вартавалі парадак, каб ніхто не заступіў дарогі назад.