Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 7
Янка Купала
Чуваць з двух бакоў званок. Гануля меціцца ісці адчыняць, але заклапочана тым, у якія дзверы ўперад пайсці.
НАСТА (падбегшы да Ганулі). Вы, мадам, ідзеце адчыняць тыя дзверы, а я адчыню гэныя.
Выходзяць.
МІКІТА. Каго там яшчэ нялёгкае нясе?!
Уваходзяць адначасова з абаіх дзвярэй Усходні вучоны і Заходні вучоны, разглядаючыся: Усходні — праз падзорную палявую трубу, Заходні — праз бінокль, не заўважыўшы спачатку адзін аднаго.
З'ява XII
Тыя ж, Усходні вучоны, Заходні вучоны.
МІКІТА (да гасцей, як увайшлі вучоныя). Гэта адны з маіх добрых знаёмых, меджду протчым, паны вучоныя. Сустрэў іх надовечы на Губарнатарскай вуліцы, дзе шукалі праўдзівых тыпаў беларускіх. Я сказаў, што адзін такі тып кватаруе ў мяне, — вось, відаць, і прыйшлі паглядзець. Паміж іншым, адзін з іх Усходні вучоны, а другі — Заходні.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ (стукнуўшыся з Заходнім). Чорт подзеры!
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пся крэв!
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Ізвініце, судар!
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Пшэпрашам пана!
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. I вы здзесь?
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. I пан ту?
Абодва кланяюцца адзін аднаму і прысутным.
МІКІТА (вітаючыся з вучонымі). Добра трапілі, меджду протчым, паны вучоныя. Вось той, хэ-хэ-хэ! беларус, аб якім я вам казаў. (Да Янкі.) Пане настаўнік, гэта — паны вучоныя, якія вельмі цікавяцца вашым, хэ-хэ-хэ! беларускім пытаннем.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Так вы это і есць настояшчый белорус?
ЯНКА. Але, пане вучоны! дый не адзін. (Паказваючы на Аленку, Гарошку, Ганулю.) Во яшчэ адзін беларус і дзве беларускі.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ (паказваючы на іншых). А це тожа белорусы?
ЯНКА. А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа — беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў.
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Паньске імен і назвіско?
ЯНКА. Янка Здольнік, пане вучоны.
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ (запісваючы у нататкі, голасна). Януш Здольніцкі. Незаводне тып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалон дозон крві познаньско-гуральскей. Людносць абэцне розкшэвя сень на две галэнзі родовэ: племен бялорусінув і племен тэж-бялорусінув з походзэня рэнэгатув і дэгэнэратув. Мова ойчыста — огульнопольска, незвычайне удосконалёна, ено з велькон домешкон незрозумялых слув.
УСХОДНІ ВУЧОНЫ (таксама запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным). Іоан Здольніков. Ісціно-русскій ціп Северо-Западной Обласці і безусловно з прымесью монгольско-фінской крові. Народность ныне распадается на две родовые ветві: племя — белорусы і племя — тоже-белорусы, ісходзяшчэе от рэнегатов і дзегенератов. Родной язык — обшчэрусскій, веліколепно усовершэнствованный, но с большой прымесью непонятных слов.
ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. А тэраз пан бэндзе ласкав поінформоваць, як на бялорускім нажэчу бжмі назва ойчызны вашэй?
ЯНКА. Беларусь, пане вучоны.
3АХОДНІ ВУЧОНЫ (запісваючы). Пшы баданю бялорусіна высветлёно надзвычайнон особлівосць, а мяновіце: вбрэв гісторычным, еографічным, этнографічным, лінгвістычным і дыплёматычным баданём і розправом вшэхпольскім, ойчызнэн свон бялорусіні называён Бялорусь.