Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 8

Янка Купала

УСХОДНІ ВУЧОНЫ (запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным). Пры опросе белоруса выяснено необыкновенную особенносць, а іменно: вопрэкі історычэскім, географічэскім, этнографічэскім, лінгвісцічэскім і дзіпломацічэскім всероссійскім ісследованіям і трудам, — оцечэство своё белорусы почему-то называют Белоруссія.

Вучоныя канчаюць пісаць адначасова, бяруцца за падзорныя трубы, азіраюцца. Паўза.

МІКІТА. Што, мусьі вучоныя, сэанс ужо ўвесь, меджду протчым?

УСХОДНІ ВУЧОНЫ. Весьма вам благодарэн! Моі научныя ісследованія на сегодняшній дзень окончэны. Чэсць імею кланяцься!

ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ. Незмерне пану вдзенчны естэм. Мое баданя навуковэ на дзень дзісейшы сон закончонэ. Мам гонар пожэгнаць пана!

ВУЧОНЫЯ выходзяць, кожны праз другія дзверы, якімі быў увайшоўшы. Мікіта, кланяючыся, праводзіць іх да дзвярэй, далей — ГАНУЛЯ І НАСТА, якія хутка варочаюцца назад.

З'ява XIII

Тыя ж (без вучоных).

ЯНКА (да праходзячага міма яго Мікіты). У вас сягоння, пане рэгістратар, праўдзівы арыстакратычны баль, не забыліся нават і аб інтэрмэдыі.

МІКІТА. А гэта, меджду протчым, што за такая страва?

ЯНКА. Не страва, мой пане, а такая маленькая камэдыя ў вялікай трагікамэдыі.

МІКІТА. Не разумею. (Ідзе да сваіх гасцей.)

ЯНКА (да Аленкі і Гарошкі). Як жа вам спадабаліся гэтыя, не пры людзёх кажучы, вучоныя?

АЛЕНКА. Мне — як мне, а татку — адно цыбук звоніць аб зубы: ці то са страху, ці то з вялікай пашаны да вучоных.

ГАРОШКА. Не пры мне пісаны гэтыя вашыя вучоныя — вот і ўсё тут!

ДАМА (да Мікіты). Вы, мусье рэгістратар, зрабілі нам сягоння папраўдзе мілую неспадзеўку гэнымі дзвюма пэрсонамі, якія толькі што выйшлі. Тут у Менску так трудна спаткаць праўдзівага вучонага.

МІКІТА. Та-а-к, гэта важныя вучоныя. Але мы не такіх яшчэ пабачым, як будзе ў нас у Менску, меджду протчым, унівэрсытэт.

ПОП. Понежэ есць в Мінске духовная семінарыя, то воісціну ізлішне обрэтаць універсіцет, гдзе будзет провозглашацься грэховное светское учэніе.

СПРАЎНІК. Па-мойму, таксама унівэрсітэт непатрэбен, бо завядуцца студэнты, а з імі заўсёды столькі для поліцыі клопату.

Паўза.

МІКІТА (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, ці не далі б чаго закусіць нам, бо салавей аднымі песнямі сыт не бывае.

Гануля падае закускі. Госці садзяцца за стол. Поп у цэнтры.

ГАНУЛЯ (падаўшы закуску, да Янкі, Аленкі і Гарошкі). Калі ласка, прашу за стол.

ГАРОШКА (хрысцячыся). Што вы, свацейка?! Я — і такія важныя асобы... яшчэ з лаўкі звалюся з перапуду. Не, не!

ЯНКА (да Ганулі). Мы пяройдзем у мой пакой, каб вам не замінаць.

ГАНУЛЯ. О, не! Павінны сягоння тут сядзець. Як-ніяк Мікіткавы імяніны. Калі не хочаце да ўсіх, то я вам сюды падам закускі.

ГАРОШКА. I гэтага, свацейка, не трэба. Калі пазволіш, то ў мяне ёсць сёе-тое ў торбе, вот мы і закусім.

ГАНУЛЯ. Рабіце што хочаце, а толькі з хаты не пушчу! (Ідзе да гасцей.)

Гарошка дастае з торбы сваю закуску і раскладае на століку.

МІКІТА (да Ганулі, набок). Меджду протчым, мамаша, я вас прасіў не запрашаць іх, а вы ўсё сваё правіце. (Да гасцей.) Цяпер, найяснейшыя госці, калі ўсе мы ўжо ўселіся,— можна пачынаць. (Падымаючы чарку.) За здароўе дастойных, меджду протчым, гасцей!