Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 40

Янка Купала

МІКІТА. Увесь Менск ведае, што я служыў разношчыкам, а не даношчыкам.

НАЧАЛЬНІК. Ну, досыць! Пасля разбяром! (Да Мікіты.) Хто тут з вамі яшчэ знаходзіцца?

МІКІТА (паказваючы). Гэта, меджду протчым, мая мамаша, а гэта і гэна, як іх? — мае госці.

НАЧАЛЬНІК (да Спраўніка і Дамы). Вашы дакумэнты. (Прыгледзеўшыся.) I вы, здаецца, мае старыя знаёмыя? Во цёплая кампанія.

Дама і Спраўнік кланяюцца і аддаюць свае дакументы.

(Начальнік да Спічыні.) Прачытайце.

СПІЧЫНІ. У гэтым напісана: «рэвіровы сюдмэго рэвіру мяста Мінска».

НАЧАЛЬНІК. Што гэта знача?

СПРАЎНІК. «Акалодачны надзірацель сёмай часці места Менску», гаспадзін таварыш.

НАЧАЛЬНІК (да Патрульнага). Зрабеце рэвізію кішэняў гэтага грамадзяніна.

Патрульны робіць рэвізію, знаходзіць у кішэнях Спраўніка пагоны і падае іх Начальніку.

НАЧАЛЬНІК (круцячы пагоны ў руках, да Спраўніка.) Што гэта?

СПРАЎНІК. Спраўніцкія пагоны, гаспадзін таварыш: памятка былога вялічча.

НАЧАЛЬНІК (палажыўшы пагоны на стол, да Спічыні). Чытайце другі дакумэнт.

СПІЧЫНІ (чытае). «Баронэса Шпацэрзон, ганаровы член Менскай дабрачыннасці».

НАЧАЛЬНІК. Шпацэрзон... Шпацэрзон... Ну, усё роўна, — пойдзе і яна. А цяпер, калі рэвізія скончана, прашу ўсіх ісці са мной. (Да Ганулі.) Вы, цётка, застаіцёся хаты пільнаваць.

МІКІТА. Оей! Оей! Што, і мне йсці, мусье таварыш?

НАЧАЛЬНІК. А вы думалі як?

МІКІТА. Оей! Оей! Пакіньце мяне. Нашто я вам, меджду протчым, патрэбен? Вось у гэтых портфэлях зусім што іншае аба мне сказана. Зірнеце ў гэтыя паперы, ваша таварыскасць. Як прачытаеце, то ўсё роўна не заберыцё мяне, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК. Усё роўна не магу йначай. Гэтыя пісталеты, награбленая гарэлка, патака, цяганне чужых рэчаў, служба даношчыкам, усё гэта таксама для нас добрыя паперы, хоць для вас, можа, і дрэнныя паперы.

МІКІТА. Дык пакажэце мне, меджду протчым, ваша чырвонае благородзіе, чэк на мой арышт.

НАЧАЛЬНІК. Чэк атрымаеце, як прыйдзеце на месца. Ідзем! Прашу забіраць «вешчэственныя даказацельства». (Начальнік забірае рэвальверы, адзін партфель і пагоны. Даме, Спраўніку, Спічыні і Грамадзяніну дае несці па пары бутэлек, Мікіту — патаку. Двум патрульным — па партфелю.) А цяпер — марш за мной!

МІКІТА. Оей! Оей! Ваша таварыская міласць! Пакіньце мяне з мамашай. Меджду протчым, пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!

ГАНУЛЯ. Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не змікіцьце майго Мікіткі. Хаця не змікіцьце! (Апускаецца з ціхім плачам на спакаваныя манаткі.)

Усе, апрача яе, выходзяць. Пры апошніх Гануліных словах разлягаецца за вокнамі на вуліцы харавая песня.

Ой ты, яблочко, Куда коцішся? Не туды попадзёш — Не вароцішся...

Пасля паўмінутнай паўзы, пад несціхаючыя гукі песні, паволі апускаецца

3аслона