Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 9

Янка Купала

ГАЛАСЫ. О, не! не! За здароўе імянінніка! Віват! Ура!

МІКІТА. Дзякую, пакорна дзякую! Толькі я мушу ў вас, меджду протчым, мадамы і мусьі, папрасіць прабачэнняй за скромную, вельмі скромную вячэру. Сучаснае рэвалюцыйнае забурэнне, выклікаўшае часовы ўпадак рангаў і клясаў, падкасіла і экономічныя падваліны дабрабыту рускай інтэлігенцыі, так што калі і скромная вячэра, то не па маёй пэрсональнай віне.

ДАМА. Не вячэра скромная, а вы самі, мусье Зносілов, вельмі скромны. Цяпер такую закуску можна спаткаць толькі ў надта высокіх асоб.

ПОП. В нынешнія врэмена дажэ его прэосвяшчэнство воззавідовало бы сіім блюдам.

ПАН. Ой, часы, часы! Весялей жылі нашы бацькі.

СПРАЎНІК. Ды што — бацькі? Я сам як жыў? Фю-фю!

ДАМА (дапіваючы чарку). Але напітак ваш, мусье Зносілов, цудоўны — нічым амброзія.

МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы згадалі! Так яно і ёсць: самая натуральная амброзія знамянітай тутэйшай фірмы — а ля самагонка, дастаўленая мне з вінных складаў «Піліп і К°».

ГАНУЛЯ (да дамы). Панечка... Мадама музей! Калі ласка, вось гэты далікатны кусочак яшчэ!..

ДАМА. Мэрсі, мэрсі, мадам!

МІКІТА (да Ганулі, набок). Меджду протчым, мамаша, не мадам музей, а мадам-сіньёра... Ці ж гэта так цяжка? Ды ў нос, у нос! (Да гасцей.) А цяпер, высокашанаваныя госці, падымем тост за нашых наймілейшых мадамаў і мамзэляў.

ГАЛАСЫ. Хай жывуць! Хай цвітуць нашы кветкі, наша асалода! Віват! Ура!

ПОП. Разверзіся врата адовы і сам анціхрыст со своім сонмом святой Русью завладоша, ежэлі созерцать всё творымое ныне.

СПРАЎНІК. Ні поліцыі, ні поліцмэйстраў!..

ПАН. Ні маёнткаў, ні бравароў!

ДАМА. Ні раутаў, ні журфіксаў!

МІКІТА. Ні рангаў, ні клясаў, меджду протчым!

НАСТА. А, па-мойму, што-небудзь ды ёсць. Ёсць, напрыклад, свабода: што хачу, тое раблю. Узяць хоць бы тое: хто калі да рэволюцыі ў Менску лузаў семечкі? — ніхто! А цяпер усе і ўсюды — і дома, і на вуліцы, і нават у тэатры лузай сабе ды лузай, шапку на вушы нацягнуўшы.

ГАНУЛЯ (да папа). Бацюшка духавы, святы ўгоднік! Калі ласка, яшчэ вось гэты таўсцейшы кусочак.

ПОП. Благодарствую, матушка, благодарствую!

МІКІТА (да Ганулі, набок). Меджду протчым, мамаша, не святы ўгоднік, а ацец духоўны... (Да гасцей.) Цяпер я, высокія госці мае, прапаную тоста...

НАСТА. Не, не! Я цяпер тоста прапаную. За немцаў. Хай жывуць немцы!

ГАЛАСЫ. Хай жывуць! Віват! Ура!

Непрыемная паўза. Усе пераглядаюцца паміж сабой.

ДАМА. Можа, дарагія гаспадары дазволяць нам устаць?

ГАНУЛЯ. Калі ласка! Выбачайце толькі за недахватку ў ядзе.

ГАЛАСЫ. Сыты!.. вельмі сыты!.. дзякуем!.. дзякуем!..

Выходзяць з-за стала і рассядаюцца.

ПОП. Не врэмя лі подумаць нам і о ложэ в очаге домашнем?

МІКІТА. I зусім яшчэ не час, меджду протчым, найяснейшыя госці, вось адсунем стол і...

ДАМА....Патанцуем, мусье Зносілов?

МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы згадалі.

ДАМА. А вы, мусье рэгістратар, мае слабасці адгадалі. Я ўміраю без танцаў.

МІКІТА. Ах, як я рад! Мусьі, згодны на гэта?

ГАЛАСЫ. Згодны! Згодны!

ДАМА. А як з музыкай?

НАСТА. А грамафон нашто?