Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 6
Янка Купала
Чуваць злева званок.
Ай, госці ідуць! Меджду протчым, мамаша, завесьце чым-небудзь вокны, можа — коўдрамі... а я пабягу спаткаць. (Выбягае.)
Гануля завешвае вокны. Наста круціцца каля люстра. Уваходзяць ГОСЦІ ў парваных верхніх вопратках, якія Мікіта знімае і выносіць у другі пакой. ПОП апускае падоткнутыя полы сутаны. Пасля прывітання госці рассаджваюцца і крытычным вокам аглядаюць кватэру.
З'ява IX
Мікіта, Наста, Гануля, Дама, Поп, Спраўнік, Пан.
МІКІТА (як госці ўвайшлі і раздзеліся, надскакваючы). Міласці прашу! Прашу пакорна! Маю гонар пазнаёміць — меджду протчым, мая мамаша, а гэта — мамзэль Наста Пабягунская.
ДАМА (углядаючыся пільна цераз акуляры з ручкай на Мікіту). Што гэта ў вас, мусье, за такі орыгінальны ўбор? Напамінае сабой форму а-ля-кум пажарны.
МІКІТА (глянуўшы на сябе). Мадам-сіньёра, вы згадалі. Гэта... Як яно... гэта... меджду протчым, прынёс мне мой прыдворны кравец для меркі, а я так захапіўся найяснейшымі гасцямі (госці ківаюць галовамі), што і забыўся зняць. Меджду протчым, я заказаў сабе гэты віцмундзір з пэўнай мэтай... Прыходзяць немцы, пачнуцца балі, рауты, маскарады, а ў мяне во і гатоў маскарадны касцюм. Але, выбачайце, найяснейшыя госці,— пайду ўжо скіну, меджду протчым. (Выходзіць і варочаецца ў чыноўніцкай форме з усімі адзнакамі.)
ДАМА (ізноў узіраючыся на Мікіту). Ах, мусье! але вы фарсун: у вас мундзір са шліфамі!
МІКІТА. А гэта зроблена спэцыяльна для маіх, меджду протчым, найславутнейшых гасцей: хацеў прыняць іх, як і калісь прымаў розных дастойных асоб.
СПРАЎНІК. Тады дазвольце і я свой мундзір удастойню.
Дастае з кішэні пагоны і прышпільвае. Дама памагае. Чуваць званок. Гануля выходзіць і прыводзіць з сабой АЛЕНКУ І ГАРОШКУ, які, уваходзячы ў хату, выбівае аб пазногаць попел з люлькі.
З'ява X
Тыя ж, Аленка, Гарошка.
АЛЕНКА (узіраючыся ў пісульку). Ці тут жыве дзядзька... як яго?! дзядзька Мікіта Зносак?
МІКІТА. I не дзядзька, і не Мікіта, і не Зносак, а тут жыве, меджду протчым, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов.
АЛЕНКА. Я... я не ведаю...
МІКІТА. А калі не ведаеце, то чаго ўлезлі ў чужую хату, меджду протчым.
АЛЕНКА. Бачыце, мы з таткам шукаем нашага настаўніка Здольніка.
ГАНУЛЯ. Ах, так бы адразу і сказалі, дзеткі! Ён тут. Зараз паклічу. (Стукае ў Янкавы дзверы.) Пане настаўнік! Да вас госці прыйшлі.
З'ява XI
Тыя ж, Янка.
ЯНКА (увайшоўшы і вітаючыся). Вось мілыя, дарагія госцікі! А я ўсё разважаў, ці прыедзеце сягоння, ці не. (Да Ганулі.) Гата, цётачка, тыя самыя падарожнікі, аб якіх я вам успамінаў: мая найздальнейшая вучаніца Аленка, а гэта бацька яе, Лявон Гарошка — найлепшы гаспадар з усяго сяла.
ГАНУЛЯ (прыпамінаючы). Лявон Гарошка... Лявон Гарошка... Як жа гэта так? Ці вы не з Дуброўкі?
ГАРОШКА. Але, мая мілая, з Дуброўкі!
ГАНУЛЯ. Ну, цяпер успомніла! Гэта ж мы блізкія сваякі: твой дзед і мая бабка былі родныя брат і сястра. Але чаго ж мы стаім? Сядайце, мае даражэнькія! Пане настаўнік, папрасіце, каб селі.
Сядаюць воддаль ад іншых гасцей.
МІКІТА (адыходзіць ад сваіх гасцей, да Ганулі, набок). Меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг! Перад маімі гасцямі ўсю мне рэпутацыю папсавалі. Хаця не ўздумайце яшчэ за стол іх садзіць.