Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 5
Янка Купала
НАСТА (уваходзіць). Добры вечар! Як жывы-здаровы?
МІКІТА. Дазвольце пазнаёміць: мамзэль Наста Пабягунская — настаўнік Янка Здольнік, меджду протчым, гэта той... хэ-хэ-хэ!.. беларус, аб якім я ўжо вам успамінаў... хэ-хэ-хэ! Не ўлюбецеся толькі.
НАСТА (да Янкі). Вельмі цікава з вамі пазнаёміцца! Нам такіх як найболей патрэбна.
ЯНКА. Дзякую за гонар! (Набок.) А для нас і не цікава і не патрэбна такое знаёмства.
НАСТА. Ці няможна ад гэтых паноў дзе на хвіліну мне схавацца? (Паказвае на мігі, што мусіць папудравацца і паправіць валасы.)
ГАНУЛЯ. Можна, можна! Пойдзем са мною ў другі пакой. (
З'ява VII
ЯНКА. Праўдзівая Пабягунская. Хто яна такая?
МІКІТА. Так сабе — надта мілая і сымпатычная, меджду протчым, мамзэль. На ўсе бакі вядзе шырокае знаёмства. Мае заўсёды аб усім і аб усіх з пэўных крыніц пэўныя весткі, любіць заўсёды і ўсюды, дзе трэба і не трэба, уткнуць свае тры грошы. Меджду протчым, павінен вам сказаць, што яна першая ды, мабыць, апошняя слабасць майго сэрца. Колькі раз рабіў ужо ёй асведчыны, каб, значыцца, аддала мне сваю руку, але штось не клеіцца. Кажа, як будзеце асэсарам, тады выйду, а за рэгістратара, кажа, не хачу. I хоць ты ёй з пальца выссі тое асэсарства, а падавай, і ўсё тут. Але я надзеі не трачу. Зменяцца політычныя сытуацыі, атрымаю ад начальства асэсарскую рангу, і мамзэль Наста будзе маёй, бо асоба, як бачыце, спрытная.
ЯНКА. Спрытная, спрытная! Але і пры змененых сытуацыях каб вы толькі з сваім асэсарствам і з гэтай мамзэляй не вылецелі ў трубу. (
МІКІТА. Зайздрасць яго так і разбірае, меджду протчым. (
З'ява VIII
НАСТА. Аей, што я бачу?! Без усякае цэрамоніі нашаму дзявоцкаму стану канкурэнцыю робіце — як кокетка, фліртуеце з люстэркам. А яшчэ калежскі рэгістратар!
МІКІТА. Але і мамзэль Наста, меджду протчым, сягоння падфуфырылася, як на баль-маскараду ў Белую залю.
НАСТА. На баль як на баль, а з гасцямі спаткацца прыйдзецца, дык чаму ж крыху і не паднядзеліцца?
МІКІТА. А так, так! На тое ж сягоння мае імяніны.
НАСТА. Ды я не аб імянінных гасцёх.
МІКІТА. Аб якіх жа гасцёх яшчэ, меджду протчым?
НАСТА. Які ж вы недагадлівы!
МІКІТА. Ах, ужо ведаю — вы аб немцах?!
НАСТА. Няўжо ж аб кім? Я з пэўных крыніц маю пэўныя весткі, што яны яшчэ сягоння будуць у Менску.
МІКІТА. О, ліханька! Каб хаця не ўваліліся на імяніны, а то сапсуюць усю абедню. А так, меджду протчым, хай сабе ідуць, гэта мне пад руку — буду зноў засядаць у губарнатарскай канцылярыі.
НАСТА. Ого! так адразу. А я чула ад пэўнай асобы, што немцы як прыходзяць, то першым чынам направа і налева хапаюць усіх на работы — капаць акопы, а гэта не губарнатарская канцылярыя.
МІКІТА. Хэ-хэ-хэ! Я ўжо ведаў аб гэтым і загадзя забарыкадаваўся. Глядзеце! (
НАСТА. I што гэта значыць?
МІКІТА. А тое, што немцы пажарнікаў на работы не бяруць. Ну, вось я і падумаў аб гэтым раней і ўпісаўся ў Менскую пажарную дружыну.