Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 9

Васіль Ткачоў

Ды няўжо ж, месца ён, Шэпелеў, многа не зойме, і старой Суклеце гатаваць ежу што для аднаго чалавека, што для двух – розніцы, пэўна ж, вялікай няма, аднак яркіх фарбаў у такой перспектыве настаўнік не бачыў – ён не ўяляў сваім суседам, ды яшчэ такім блізкім, самога дырэктара школы. Гэта, відаць, ужо замнога. Перабор.

Ён думаў так да таго часу, пакуль яны ішлі да новай хаты, абранай, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы, для чарговага візіту. Саксонаў сам грукаў у дзверы ці крычаў, вытыркнуўшы галаву над парканам, а Шэпелеў стаяў, як заўсёды, крыху ўзбоч. На гэты раз дырэктар не грукаў і не крычаў, а піхнуў дзверы нагой, і яны апынуліся ў вялікіх і светлых сенцах, а тады ж адразу і ў хаце.

– Прабач, Ягоравіч, за тое, што так знянацку ўварваліся,– апраўдваўся Саксонаў і, не дачакаўшыся слоў у адказ ад гаспадара хаты, сеў на табурэтку, а другую падстаўляў настаўніку.– Ведаеш, чаго зайшлі?

– Здагадваюся,– лагаднеў твар у Ягоравіча, мажнага мужчыны прыкладнага такога ж веку, як і дырэктар школы, і, як заўважыў Шэпелеў, быў ён чалавекам , відаць, дабрадушным і спагадлівым.

– Дарэчы, пазнаёмцеся,– Саксонаў устаў.– Пацісніце рукі.

Ягоравіч і настаўнік так і зрабілі. Цяпер Шэпелеў ведаў, што завіталі яны да мясцовага ветурача, і толькі зараз ён адчуў, што ў пакоі стаіць такі пах, бы дзе-небудзь на ветэрынарным участку . І яшчэ прыгадаў ён, як учора ўчастковы за чаркай баіў, быццам ветэрынар Ягоравіч як вып’е, то, калі ідзе па вуліцы, ад яго разбягаюцца ў розныя бакі ўсе мясцовыя сабакі і пеўні, бо ён абяцаў тым – і не раз! – кастрыраваць. Ягоравіч не выпускаў, бываючы пад «мухай», з рукі скальпель, махаў ім, паграджаў.

Успомніўшы пра ўсё гэта, настаўніку цяжка было паверыць, што такі з выгляду дабрак мог выдрасіраваць сваім п’янымі выкрутасамі сабак і пеўняў, але ж і ведаў таксама, што гарэлка здольна на ўсё.

– Не падумай, што мы прыйшлі да цябе прасіцца,– працягваў далей Саксонаў. – Не, не таму завіталі. А завіталі таму, што я ўжо розуму не прыкладу, да каго яшчэ можна схадзіць.

– Дзе былі, у каго?– зацікавіўся Ягоравіч.

– У дзеда Цыганка і не пыталіся. Ды ён і сам жыве... не жыве, а кульгае. Манька? Былі, былі. Пра яе не буду. Добра, што і не пагадзілася. Як у яе жыць, калі і дачка маладая і сама яшчэ ого-го-о? Ну яе, Маньку! Хавошка кажа, што паміраць сабралася. Яе справа. Варка чакае сына з горада – за п’янку выгналі з завода, а жонка выперла яшчэ раней, то куды яму дзецца? Вядома ж, да маткі прыедзе. Карэньчакавы кажуць, што ніколі не трымалі раней кватарантаў і не хочуць рабіць гэтага цяпер, калі старыя сталі. Ну, здаецца, і ўсё?

– Здаецца, так,– пагадзіўся настаўнік.

– Я б узяў, але ж...– развёў рукамі Ягоравіч.

– Ды не , пра цябе і размовы не можа быць,– запратэставаў Саксонаў.

– Чаму? Я што, зусім аўтарытэт згубіў?– пакрыўдзіўся Ягоравіч, і яго твар паружавеў. – Дык не думайце так. Хай сабакі мяне баяцца, пеўні шмыгаюць у падваротні, калі мяне яшчэ здаля запрыкмецяць, але з людзьмі я агульную мову магу знаходзіць. Праўда, з жонкай сваёй, з Лідусяй, не атрымалася кансенсусу. Настаўнік, пэўна, не ведае, што развёўся я. Пакуль не паразумнеў... Аднак жа Лідуся не хоча вяртацца, а мне і не трэба. Цікава, чаму я не магу ўзяць цябе, Іван Валянцінавіч, на кватэру? Патлумачу: сабраўся жаніцца. Пакуль – ша, але не сёння-заўтра вас запрашаю ў сваты. Паедзем у суседняе сяло. У якое? Пакуль –маўчок. Навучаны. Не трэба балаболіць раней часу. Людзі нашкодзяць. У нас не ўмеюць радавацца чужой радасці. Падпсуюць. І вокам не міргнуць. Так што, шаноўныя мае, наперадзе ў мяне мядовы месяц...