Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 261

Васіль Ткачоў

САБРАНЫЯ ЯГАДЫ

У паштовай скрынцы Іван Валькоўскі, карэспандэнт абласной газеты, узяў, вяртаючыся пасля працы дахаты, пісьмо ад былога настаўніка Цімошыка. Настаўнік-пенсіянер паведамляў, што дужа багата сёлета ў лесе чарніц, прасіў, калі ёсць час, каб прыехаў.

І Валькоўскі паехаў. Цімошык сустрэў яго прыветна, цёпла, доўга трос руку – было відаць, што ён па-чалавечы рады прыезду свайго былога вучня, якім вельмі ганарыўся, бо часта чытаў допісы ў газеце, хваліў Валькоўскага за светлыя думкі і лёгкае слова.

Перакусілі, пагаманілі крыху і адразу падаліся ў лес. Ягад сапраўды было багата – ажно ўсыпаны куцыя галінкі чорнымі гузікамі-гарошынамі. І толькі тут, у лесе, Валькоўскі заўважыў, што Цімошык прытупаў без посуду, ён хадзіў услед за ім, нешта расказваў і ніводнага разу нават не нахіліўся долу.

А пазней, ужо вяртаючыся з лесу, настаўнік-пенсіянер казаў:

– Я свае ягады ўжо сабраў, Іване. Не бачу іх – вочы зусім не слухаюцца. Старасць, хе-хе, – не радасць. А вось люблю, калі людзі ягады збіраюць. Дужа люблю. Дзякуй і табе, што прыехаў.

Валькоўскаму ж падумалася трошкі і пра іншае: хітруе Цімошак, светлая галава. Хітруе. Сумна аднаму на хутары, то вось і выклікаў яго, каб пагаварыць, каб душу адвесці...

І яму тады зрабілася надта шкада былога настаўніка.