Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 8

Васіль Ткачоў

Мірон праводзіў участковага задумлівым позіркам і ніяк не мог зразумець, чаму ён дзякаваў свайму свістку, за якія такія заслугі?

Паспрабуй тут разбярыся...

7

У той час, калі ўчастковы вяртаўся дахаты ад Мірона і мумкаў сабе пад нос нейкую мелодыю, дырэктар і новы настаўнік хадзілі па вёсцы і шукалі хату, дзе б мог спыніцца апошні. Трэба паспяшацца – верасень на носе, і ў настаўніка, акрамя ложка, павінен быць стол, на якім бы ён рыхтаваўся да ўрокаў, правяраў сшыткі і які б яго карміў. Але пакуль усюды хадакі атрымалі ад варот паварот, і што заўважыў Саксонаў, людзі неяк насцярожана пікіравалі вачыма Шэпелева, стараліся размаўляць коратка і нялюба, каб хутчэй зачыніць дзверы. А Манька, самая, бадай, вясёлая вясковая кабета, перш, чым пусціць гасцей на падворак, загнала курэй у хлеў, толькі тады бразнула вочапам на брамцы, прасунула лахматую галаву і запрасіла зайсці:

– Калі ненадоўга...

А пачуўшы ад дырэктара пра мэты візіту, развяла рукамі:

– Я, людзі добрыя, і ў галодныя часы кватарантаў не трымала. Не прывучаная. Не люблю, калі нехта ў мяне пад нагамі блытаецца, яй-богу. Як хочаце, так і думайце. Калі я адна ў хаце... ну, сваіх я не лічу, то што хачу, тое і раблю. І пукнуць магу. А так – чужое...

Саксонаў адчуваў сябе няёмка, і каб не марнаваць час, папрасіў прабачэння ў Манькі, і неўзабаве яны апынуліся зноў на вуліцы і меркавалі, куды пайсці, куды падацца. Якраз у гэты момант каля іх прачыкільгаў дзед Цыганок. Павітаўся, для чаго адбіў лёгкі паклон і змахнуў з галавы зашмальцаваны картуз:

– Гонар маю вітаць сярэднюю адукацыю! Ну, і куды ж шлях трымаем, калі не сакрэт?

Хітрун стары, га! Ведае ж, што «сярэдняя адукацыя» шукае жытло, але каб зачапіцца каля настаўнікаў, пачаў здалёк. І пачуў тое, на што і спадзяваўся.

– Не бяруць на кватэру вось Івана Валянцінавіча,– Саксонаў кіўнуў на маладога настаўніка.– Хоць у школе вугал яму адбудоўвай. Разумею, што гэта несур’ёзна, але іншага выйсця пакуль не бачу. Памагай, дзед!

– Тут, браткі, дзед вам не памагаты, – стары паправіў картуз на галаве. – А чаму не бяруць?

– Самім цікава.

– А я быццам здагадваюся.

– Ну, ну.

– З-за хвокусаў.

– А яны пры чым тут?

– Як жа. Насцярожана нашы людзі заўсёды ставіліся да розных жулікаў... Настаўнік – быццам бы сур’ёзны чалавек, правераны, аднак жа – хвокуснік... з той пароды, атрымліваецца, з іхняй. А такіх людзей у Хутары не любяць, ой і не любяць, шаноўныя! Так што дарэмна ,Іван... як цябе там па-бацьку... забыўся, аднак, ты раскрыў свае хвокусы. Яны і шкодзяць табе.

Шэпелеў зарагатаў, а за ім – і Саксонаў. Толькі дзед Цыганок лыпаў вачыма і не знаходзіў, што на гэты раз адказаць настаўнікам. І перш, чым пачыкільгаць далей, ён сказаў ім коратка і зразумела:

– Вось такія хвокусы, ядры іх маць!

А дырэктар супакоіў Шэпелева:

– Нічога, Валянцінавіч. Калі што, то будзем жыць пад адным дахам. Памесцімся.