Читать «Так і жывём, брат» онлайн

Васіль Ткачоў

Васіль Ткачоў

ТАК І ЖЫВЁМ, БРАТ

Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Так і жывём, брат, Аповесці. Апавяданні. Маленькія былі. — Мінск: Беларускі Дом друку, 2013, 384 с.

Рэдактар: А. Зэкаў

Аповесці

УЧАСТКОВЫ І ФОКУСНІК

Прысвячаю Валянціну Чэпелаву

1

Ну, вось і дачакаліся, здаецца, у Хутары новага настаўніка. Нарэшце. Гэта, нагадзіцеся, падзея – колькі гадоў запар нагадваў дырэктар мясцовай школы раённаму аддзелу адукацыі, што задыхаюцца яны тут без філолага, і – урэшце перамог: учора ранкам патэлефанавалі з райцэнтра, каб сустракалі Івана Валянцінавіча Шэпелева. Як і прасілі. Назвалі нават прыкметы: высокі, русявы, у акулярах – так што не пераблытаеце. Павесіўшу трубку, дырэктар Саксонаў ухмыльнуўся: «З кім тут блытаць? З бабкай Суклетай ці з дзедам Цыганком?» І , задаволена пацёршы далонь аб далонь, крэкнуў і строга загадаў сам сабе: « Сустрэць, як і належыць!» Крама – цераз дарогу, ён скоса глянуў на ўваходныя дзверы: адчынена. Так, значыць, п’е не п’е, а пляшка павінна стаяць на стале. Як бусел на адной назе: гэта наш, беларускі, пейзаж. З дарогі і перакусіць належыць. Тым больш што халасцяк – вечна галодны, канешне ж, што воўк у піліпаўку. Саксонаў уявіў, як сустракае ён новенькага, вядзе да сябе на кватэру, і яны знаёмяцца – малады настаўнік і стары, але таксама, прабачце, халасцяк. Якое супадзенне, браткі! Але ж халасцяк ён, праўду кажучы, малады: толькі сёлета адправіў ён сваю кабету ў горад – дзе ўзяў, як кажуць, там і паклаў. Дужа відна тут, у вёсцы, усім было, чым яна займалася, хоць і настаўніца таксама... Там, у горадзе, прасцей – поўна людзей, затрэцца, згубіцца. Шкада сына, але малы будзе пад наглядам дзядулі з бабуляй. Гэта суцяшала. Саксонаў зрабіў сёлета і другі, не менш важны, крок у сваім жыцці: як толькі адправіў жонку з сынам, аддаў кватэру – двухпакаёвую, з усімі выгодамі – матэматыку Кручкову, у якога двое дзяцей, а сам перайшоў жыць да бабкі Суклеты. На такое не кожны адважыцца. Тым больш дырэктар. І хоць кажуць, што двойчы ў адну раку не ступіш, ён ступіў: тут, у Суклеты, кватараваў, калі прыехаў у Хутар настаўнічаць – таксама пасля інстытута, як вось і нейкі Шэпелеў у акулярах. Адна розніца, што Шэпелеў – адзін. «Шчаслівы» – усміхнуўся сам сабе Саксонаў і патупаў у краму.

2

У аўтобусе, што калываўся на выбоінах, побач з Шэпелевым сядзеў учасковы Баравы Яўген Ягоравіч. На ягоных запыленых пагонах было па дзве малюпасенькія зорачкі, а чырвоныя шчокі палалі здароўем – як і кожнага разу, калі ён ездзіў у раён на нараду. На каленях участковы трымаў поліэтыленавы пакет, у якім – хочаш ты таго ці не – на вочы новаму настаўніку лезлі бохан хлеба цаглінкай, круглы слоік селядцоў, шматок варанай каўбасы і лупаты кантэйнер для яек. Участковы раз-пораз папраўляў пакет, падцягваў яго бліжэй да жывата, шморгаў носам і вадзіў круглай, бы гарбуз, галавой па баках: цікавіўся, хто едзе, з якім настроем, што вязе. Шэпелеў адчуваў, што міліцыянер хоча завязаць з ім гамонку, але – дзівосы! – не адважваецца. На міліцыянера гэта не падобна. Тады папытаў сам :