Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 10

Васіль Ткачоў

– Зразумелі,– удыхнуў-выдыхнуў Саксонаў і першы падняўся з табурэткі.–Ну, будзь, Ягоравіч.

– Спадзяюся на вас,– Ягоравіч пагрозліва памахаў на гасцей пальцам. –Тады шапну. Чакайце. Толькі не падвядзіце. Абяцаеце?

– Абяцаем,– і за сябе, і за настаўніка адказаў дырэктар.

Аднак слова стрымаць не заўсёды ўдаецца чалавеку, бо не ўсё, пагадзіцеся, залежыць ад яго.

8

Кватэрнае пытанне пакуль вырашана не было, але ж і настаўнік не жыў пад голым небам – як і меркаваў Саксонаў, Суклета супраць не была, каб Шэпелеў пакуль пажыў таксама ў яе, але папярэдзіла:

– На двух едакоў у мяне надоўга круп не хопіць...

Мужчыны гэты тонкі намёк зразумелі. Суцяшала, што ёсць час наперадзе, каб настаўніку рэабілітаваць сябе ў вачах хутаранцаў, даказаць нарэшце ім, што ён хаця і фокуснік, але ж чалавек рахманы, бяскрыўдны, і кватэру падшукаць.

А заняткі ў школе тым часам пачаліся. І пасля першага ўрока ў клас забег нечым усхваляваны загадчык фермы Палазкоў, аддыхаўся і тузануў Шэпелева за рукаў:

– Ты фокуснік?

– Я настаўнік,– спакойна адказаў Шэпелеў.

– Так, так. Асноўная твая праца, наколькі я разумею, тут, у школе. Але ж па сумяшчальніцтву, кажуць, фокуснікам працуеш.

– Хто кажа?

– Людзі.

– У вас людзі, гляджу, усё бачаць. Ды Бог ужо з імі. Што вы хацелі?

– Выручы, Валянцінавіч. Век не забуду. На ферме прапалі тры мяхі камбікорму.

Настаўнік хмыкнуў:

– Па гэтаму пытанню звяртайцеся да ўчастковага.

– Звяртаўся. А як жа ты думаеш. Толькі ён адпасаваў мяне да цябе: настаўнік, кажа, назаве табе злодзеяў.

– Участковы пусціў вас па няправільным следзе. Даруйце, але я нават людзей не ведаю ў вашым Хутары, акрамя таго ж участковага і дырэктара школы. Вы ж павінны ведаць, хто тут у вас на што здольны. Адны могуць на гармоніку граць, іншыя печы кладуць, нехта самагон любіць, а нехта – сцібрыць тое, што не там ляжыць.

Палазкоў папярхнуўся, а калі адкашляўся, зноў тузануў настаўніка за рукаў:

– Увесь фокус у тым, што ўкрадзенае якраз і ляжала там, дзе яму і належала ляжаць. Так што маёй віны тут няма. Выручай, настаўнік. Магарыч з мяне.

– Даруйце, але вам дапамагчы я не магу,– Шэпелеў памкнуўся ісці, але Палазкоў зноў прытрымаў яго за рукаў. – Ну што вам трэба ад мяне, фермер?– адмахнуўся настаўнік.

– Прыціснуць іх, гадаў, да пазногця ! Вось што!

– Дык прыціскайце. А я тут пры чым?

– Эх, настаўнік! – Палазкоў зусім, здаецца, расчараваўся ў новым настаўніку, пра якога столькі баек хадзіла па вёсцы, і выйшаў з класа. – А я думаў!.. А ты такі, як і наш участковы...